Адпустовыя ўрачыстасці прайшлі ў пінскім катэдральным касцёле |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
16.08.2014 02:42 |
15 жніўня 2014 г. у пінскай катэдральнай базыліцы адбылася адпустовая ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта такі тытул носіць старажытная пінская святыня, у галоўным алтары якой знаходзіцца старадаўні абраз з выявай узнясення Маці Божай у нябесную хвалу.
Галоўную адпустовую Імшу ў катэдры ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з пастырам дыяцэзіі ў цэлебрацыі бралі ўдзел святары, якія нясуць служэнне ў Пінскім дэканаце, кансэкраваныя асобы, навучэнцы і выхаваўцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка звярнуў асаблівую ўвагу сабраных на дар мацярынства як адзін з галоўных і найбольш прыгожых Божых дароў для жанчыны і ўсяго чалавецтва. Указваючы на асобу Панны Марыі, іерарх заклікаў вернікаў агарнуць асаблівым клопатам сучасных маці, ад якіх так моцна залежыць лёс сем’яў і будучага пакалення. Таксама пінскі ардынарый заахвоціў прысутных учыніць гэтае свята Маці Божай днём асаблівай падзякі за дар мацярынства – духоўнага і фізічнага.
На заканчэнне святочнай літургіі біскуп благаславіў прынесеныя вернікамі плады зямлі, зеляніну і кветкі. Завяршылася ўрачыстасць святочнай эўхарыстычнай працэсіяй па плошчы перад катэдральнай базылікай.
Кс. Андрэй Рылка
|
Фотарэпартаж |