Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліў парафіяльныя ўрачыстасці ў Пружанах і Асавой
Беларусь - Пінская дыяцэзія
16.08.2014 14:18

15 жніўня 2014 г. біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў парафію ў Пружанах, а 16 жніўня - у Асавой. У абедзвюх парафіях іерарх цэлебраваў адпустовыя святыя Імшы з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гаміліях падчас Імшаў іерарх назваў урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі “святам надзеі”. “Усе людзі чакаюць да канца свету Суду Божага і ўваскрасення, - адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка. - Адначасова мы верым, што Марыя ўжо ўваскросла. Таму ў літургіі мы маем параўнанне паміж таямніцай смерці і ўваскрасення Хрыста і таямніцай смерці і ўнебаўзяцця  Найсвяцейшай Маці”.

Пінскі ардынарый звярнуў увагу на таямніцу Унебаўзяцця Божай Маці, “таямніцу Яе смерці, пасля якой наступіла ўзыходжанне на неба”. Біскуп нагадаў, што Марыя была зачата беззаганнай ва ўлонні сваёй маці, і дагмат аб гэтым беззаганным зачацці абвясціў у 1854 годзе Папа Пій ІХ. Марыя, дадаў іерарх, усвядоміла сваё пакліканне падчас Звеставання, калі Ёй было аб’яўлена, што Яна будзе Маці Месіі, Божага Сына; найлепей выказала згоду на Божую волю і найбольш дасканала з усіх жыхароў зямлі выканала сваё зямное пакліканне; даверылася Богу, і Яе давер заключаўся ў поўным паслушэнстве; прыняла ўдзел у справе збаўлення, стоячы пад крыжам, на якім паміраў Яе Сын.

“Веліч Марыі выражаецца ў паслушэнстве і даверы Пану Богу ва ўсім. З такой паставы вырастала малітва, слуханне і разважанне над Божым словам і служба Богу і людзям – “вось Я, Слуга Пана”. Марыя ўсё жыццё была паслухмянай Пану Богу і нам пакінула запавет, што заўсёды варта слухаць Пана Бога, варта верыць Яму і быць Яму паслухмяным, - адзначыў біскуп. - Калі чалавек слухае Пана Бога, то ніколі не становіцца банкрутам – заўсёды перамагае”.

Іерарх падкрэсліў, што, “каб выйграць гэтае жыццё і абяцанае жыццё вечнае, належыць прыглядацца да Марыі, каб у Яе стылі працягваць наша вандраванне”, і “гэтая вандроўка павінна абапірацца на давер Пану Богу, а такі давер выражаецца ў паслушэнстве Яму”. Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца, па словах біскупа, “умацаваннем нашай хрысціянскай надзеі і ўпэўненасці ў нашай веры”. “Марыя, Маці Езуса і наша сястра, ужо ў небе з душой і целам. Яна - выраз сталасці ў веры, надзеі і любові. Толькі спелы плод ласкі можа мець жытло ў Доме Айца. Мы таксама туды імкнёмся трапіць”, - дадаў пінскі ардынарый.

Нагадваючы, што на гэтую ўрачыстасць католікі прыносяць букеты кветак, вянкі са збожжа, плады сваёй працы, іерарх адзначыў, што гэта робіцца для таго, каб “выказаць удзячнасць Богу за хлеб для чалавека і за пажыву для жывёлы. Прынесеныя букеты азначаюць сталасць, адказнасць, паўнату таго, што чалавек здольны выпрацаваць у гармоніі з прыродай. Прыносяцца да Божага трону, каб іх благаславіць”.

Біскуп заахвоціў вернікаў учыніць гэты дзень днём хрысціянскіх маці, успомніць “тых маці, якія ўжо спачылі у магіле, і аддаць ім пашану”; “задумацца, як мы ставімся да нашай зямной маці”, бо, “каб захавалася цывілізацыя, павінна застацца пашана да маці”. Іерарх нагадаў, што ў дамах састарэлых знаходзяцца адзінокія маці, але ёсць і забытыя маці, “якіх там змясцілі, бо дома не знайшлося для іх месца”. З жалем біскуп канстатаваў, што ў гарадах і вёсках, у розных кутках свету жывуць маці, пенсіі якіх нярэдка забіраюць сыны, часта старыя халасцякі, на алкаголь. Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца, па словах пінскага ардынарыя, “узвышэннем дару мацярынства”.

Таксама гэтая ўрачыстасць, як заўважыў біскуп, - нагода задумацца над жаноцкасцю сучаснай жанчыны. “Якая мадэль жанчыны ўяўляецца сучаснаму свету? Гэта ў першую чаргу партнёркі мужчыны, жанчына, працуючая на прадпрыемстве, жанчына-інжынер, медык, палітык, навуковец. А дзе жанчына-маці?” – над гэтым іерарх прапанаваў вернікам падумаць. Гэтае свята Божай Маці, дадаў біскуп, “ставіць пытанне аб сапраўдным мацярынстве”, “паказвае на веліч місіі маці”, дае магчымасць здзейсніць “рахунак сумлення для маці з розных асяроддзяў і з розным статусам”. Яно, акрамя гэтага, “ставіць сур’ёзныя пытанні таксама перад мужам і бацькам”: “кім для мужчыны з’яўляецца маці яго дзяцей; што найбольш каштоўнае бачыць у ёй”, бо “нельга мець бацькоўскага позірку на дзіця, калі бацька не здольны належным чынам ацаніць маці свайго дзіцяці”.

Біскуп пажадаў усім сабраным, каб гэты “малітоўны роздум над дарам мацярынства” прывёў іх “праз шчырае перапрашэнне і падзяку да сапраўднай еднасці з Богам і бліжнім”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.