Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імшой на прывітанне пілігрымаў пачаліся ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся
Беларусь - Пінская дыяцэзія
21.08.2014 23:12

21 жніўня 2014 г. у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Лагішыне пачаліся традыцыйныя ўрачыстасці з нагоды свята абраза Маці Божай Каралевы Палесся. Святую Імшу на прывітанне пілігрымаў, якія прыбылі ў санктуарый, узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

З 18 жніўня сотні пешых пілігрымаў з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі збіраліся ў Баранавічах і Бярозе, каб прайсці паломніцкі шлях да цудатворнага абраза Маці Божай Каралевы Палесся.

Вечарам 21 жніўня ў санктуарый прыбылі розныя групы пілігрымаў, каб разам з вернікамі Пінскай дыяцэзіі святкаваць сёлетнія ўрачыстасці.

Падчас Імшы біскуп Антоні Дзям'янка, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў важнасць вытрымкі ў малітве. Біскуп нагадаў, што вытрымка – прыгожая рыса характару чалавека, і з пашанай гаворыцца пра таго, хто мае вытрымку ў сваіх намерах, у жыццёвых планах. “Мы, сабраныя ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся, таксама паказалі нашу вытрымку ў малітве, малітве пілігрымаў, якія маліліся многія кіламетры нагамі, каб дайсці сюды, каб стаць перад нашай найлепшай Маці, якую праслаўляем, надаючы самыя ўзнёслыя тытулы”, - дадаў пінскі ардынарый.

Біблейскім прыкладам вытрымкі ў малітве, па словах іерарха, з’яўляецца Майсей, а ў Евангеллі Езус падае прыклад трывалай малітвы ўдавы. Гэтыя прыклады, адзначыў біскуп, заахвочваюць да трываласці ў малітве – каб не знеахвочвацца ў просьбах, “закідваць” Бога сваімі справамі аж да стомы, “абіваць парогі” Бога. Такая малітва, як падкрэсліў іерарх, мае вялікую сілу, і такую малітву “асабліва належыць практыкаваць у цяжкіх жыццёвых абставінах”.

Пінскі ардынарый нагадаў, што да нястомнай малітвы заахвочваюць між іншым святы апостал Павел у Пасланні да Тэсаланікійцаў, святы Лука, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, шмат прыкладаў такой малітвы ёсць у гісторыі Касцёла. Сярод іх святая Моніка, якая 18 гадоў малілася аб навяртанні свайго сына Аўгустына, які потым стаў біскупам і святым, і святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, што малілася аб навяртанні рабаўніка, блюзнера і атэіста Пранціні, які спачатку адмовіўся ад пакаяння, але перад экзекуцыяй раптам з завязанымі за плячыма рукамі прыпаў да крыжа, які трымаў святар, і пацалаваў раны Збаўцы.

Біскуп пажадаў удзельнікам урачыстасцяў, каб перажытая пілігрымка прынесла для іх “трывалы плод малітвы – жыццё, згоднае з воляй Бога ў сям’і святога Касцёла”.

Урачыстасці ў Лагішыне працягнуцца 22 жніўня. 

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.