Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Лагішыне прайшлі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы Палесся
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.08.2014 13:32

22 жніўня 2014 г. у санктуарыі ў Лагішыне адбылася кульмінацыя традыцыйных дыяцэзіяльных урачыстасцяў з нагоды свята абраза Маці Божай Каралевы Палесся. Урачыстую святую Імшу ў гонар Маці Божай Каралевы Палесся ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У Лагішын прыбылі шматлікія пілігрымы. Праграма святкаванняў уключыла Імшу перад санктуарыем Маці Божай вечарам 21 жніўня, працэсію з абразом Каралевы Палесся, канцэрт рэлігійных спеваў, начное малітоўнае чуванне перад абразом Маці Божай Лагішынскай.

Падчас галоўнай Імшы ў межах урачыстасцяў біскуп Антоні Дзям’янка адзначыў, што знаходжанне ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся – добрая нагода для пілігрымаў “паразважаць над тым, якое мы маем дачыненне да таго Валадарства, дзе Каралевай з’яўляецца Божая Маці”.

Іерарх засяродзіў увагу ў гаміліі над будаўніцтвам Божага Валадарства ў “чатырох вымярэннях: у глыбіню, у шырыню, у далечыню і ў вышыню”. “Божае Валадарства з’явілася ў свеце разам з прыйсцем у свет Хрыста. Але гэтае Валадарства яшчэ ўпоўні не развілося, і каб такая паўната наступіла, трэба яго пастаянна будаваць”, - патлумачыў пінскі ардынарый, дадаючы, што гэтае Валадарства “знаходзіцца ў сэрцы чалавека”.

У глыбіню Божае Валадарства, па словах біскупа, будуецца найперш “праз вернасць Божым наказам і практыку цнотаў”. “Чыніць дабро для нас заўсёды радасць. Таму Божыя запаведзі ў кожнага чалавека ўзбуджаюць згоду і прыхільнасць”, - адзначыў іерарх і паставіў пытанне: “Калі Божыя запаведзі нам так падабаюцца, то чаму мы так часта іх не захоўваем?”

Будаўніцтва Божага Валадарства ў шырыню, па словах пінскага ардынарыя, трэба разумець у тым сэнсе, што, “працуючы над вернасцю Божым запаведзям і набываючы Хрыстовыя цноты, мы міжволі ўздзейнічаем на акружэнне – словам, учынкам і прыкладам”, і “тады Божае Валадарства разрастаецца ў шырыню”. “Абвяшчэнне павінна быць спалучана з такім стылем жыцця, які дазволіць распазнаць вучняў Пана, дзе б яны ні знаходзіліся, - дадаў біскуп. - Калі б нашыя вочы маглі заўважыць перамены, якія адбываюцца ў сучасных нам людзях, то зразумелі б, якія вялікія магчымасці з’яўляюцца для евангелізацыі”.

Будаўніцтва Божага Валадарства ў далечыню – гэта, як патлумачыў іерарх, “будаўніцтва не толькі тут і цяпер”: “мы павінны ўсвядоміць, што нашыя словы і дзеянні павінны прыносіць плады нават у далёкай будучыні”, і гэта “адносіцца да ўсіх, але асабліва да бацькоў”.

Папярэднія вымярэнні будаўніцтва Божага Валадарства біскуп назваў зямнымі, але важна, па яго словах, памятаць, што “найважнейшая праўда і справядлівасць знаходзяцца ў небе, дзе Валадарства набярэ поўнай моцы”, і гэта азначае будаўніцтва Валадарства ў вышыню.

“Зямное жыццё вымяраецца гадзінамі. Яны вызначаюць час. Але час не з’яўляецца ўласнасцю чалавека. Бог яго нам даў толькі ў арэнду”, - заўважыў біскуп і дадаў, што “роздум над здзейсненым дае шанс зрабіць новыя і лепшыя планы на будучыню”. “У кожным з нас Езус пасяліў ласку, якая з кожным днём павінна ўзрастаць так моцна, што ў канчатковым выніку толькі Ён сам здольны яе выкупіць, гэта значыць выплаціць табе адпаведна належнае”, - падкрэсліў пінскі ардынарый.

Біскуп пажадаў удзельнікам урачыстасцяў мець час “на далейшае пазнанне Бога і жыццё ў Яго ласцы”, пажадаў, каб сустрэча з Маці Божай Каралевай стала новым імпульсам у іх жыцці, каб “яшчэ больш адкрываць і будаваць Божае Валадарства ў кожным напрамку жыцця”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.