Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Упершыню дзяўчыны з Беларусі шукаюць сваё пакліканне ў супольнасці Маці Тэрэзы
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.08.2014 11:12

Гэтым летам адзіны ў Беларусі Дом міласэрнасці сясцёр Місіянерак любові (сясцёр Маці Тэрэзы), які ўжо больш за 20 гадоў дзейнічае ў Гомелі, наведалі дзве дзяўчыны — першыя з Беларусі, — якія шукаюць сваё пакліканне ў супольнасці Маці Тэрэзы.

Адна з дзяўчын, якая шукае Божую волю ў сваім жыцці, даўно зацікавілася гэтай супольнасцю:

“Мяне ўразіла, што сёстры ўсе розныя, з розных краін і кантынентаў, але ўмеюць працаваць разам. Мне больш за ўсё імпануе харызмат менавіта гэтага ордэна - для мяне ён самы жывы, таму што тут я бачу поўную самааддачу. Я разумею, што калі я ствару сям'ю, то змагу аддаваць сваю любоў мужу, дзецям і буду шчаслівая там, але ў Бога свая воля на мяне, і калі я буду сярод місіянерак любові, то змагу ўсю сваю любоў дарыць тым, хто жыве ў нястачы”.

Дзяўчына прыехала ў Гомель, каб бліжэй пазнаёміцца са служэннем у Доме міласэрнасці Маці Тэрэзы:

“Спачатку мяне здзіўляла грубасць людзей, якія прыходзяць па дапамогу ў Дом міласэрнасці. Было б натуральным чакаць ад іх падзякі, а не грубасці. Але потым я зразумела, што мне проста трэба аддаваць ім сваю любоў, нічога не чакаючы ўзамен”.

Дзяўчыну ўразіла і тое, што сёстры Маці Тэрэзы самі жывуць у беднасці, напрыклад, сціраюць шмат адзення ўручную, не маючы пральнай машыны і нават праса для сябе: “Прастата ва ўсім! Яны не проста кажуць, а робяць”.

Дзяўчына прызналася, што цяжэй за ўсё падчас яе служэння ў Доме міласэрнасці быў штодзённы пад’ём на малітву ў 4.30 раніцы.

Іншая дзяўчына ўпершыню пазнаёмілася з сёстрамі Маці Тэрэзы на ўрачыстасцях у Будславе:

“Я з дзяцінства захаплялася Маці Тэрэзай, чытала пра яе, глядзела перадачы. І ўжо тады ў мяне з’явілася жаданне стаць законніцай у гэтым ордэне. Але я не думала, што сёстры Маці Тэрэзы ёсць у Беларусі. А ехаць кудысьці далёка, не ведаючы англійскай мовы, я не вырашалася. І як я была здзіўлена, калі ўбачыла сясцёр у Будславе!”

Ужо ў першы раз, калі дзяўчына прыехала ў Дом міласэрнасці, яна вырашыла паступіць у ордэн: “Я ўбачыла, што гэтыя сёстры святыя”.

Пераломным момантам у яе выбары стаў дзень, калі адна з сясцёр паклікала яе і спытала: “Хочаш, я пакажу табе майго Езуса?” Сястра падвяла дзяўчыну да ложка, на якой ляжаў чалавек пад прасцінай. Гэта быў звычайны хворы бяздомны, якога толькі што прывезлі ў Дом міласэрнасці. “З таго часу я ясна ўбачыла, што хачу быць тут, - прызнаецца дзяўчына. - Бацькі пакуль не прымаюць мой выбар, але для сябе я ўжо вызначылася канчаткова. Цяпер усё залежыць ад рашэння сясцёр. Вядома, мяне па-ранейшаму бяруць сумневы, але, як кажуць, свой выбар мы робім кожны дзень”.

Сёстры супольнасці Маці Тэрэзы ў Гомелі займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Парафіяне касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

Паводле гомельскага каталіцкага сайта

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.