Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася пілігрымка з Баранавіч у санктуарый у Лагішыне
Беларусь - Пінская дыяцэзія
25.08.2014 14:30

Апошнія дні лета ў сямнаццаты раз сабралі пілігрымаў з розных куткоў Беларусі (Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Гродзенскай дыяцэзій) у касцёле Святога Зыгмунта ў Баранавічах, каб вырушыць да Маці Божай Каралевы Палесся ў санктуарый у Лагішыне. Урачыстасці ў Лагішыне праходзілі 21-22 жніўня 2014 г.

Сёлетняя пілігрымка з Баранавіч у Лагішын адбылася з 18 па 21 жніўня, у ёй прынялі ўдзел 215 чалавек. На працягу чатырох дзён разам з духоўнымі настаўнікамі пілігрымы разважалі аб васьмі благаславенствах, якім Езус вучыў натоўп на гары. Кожны дзень пілігрымавання святары падкрэслівалі тую кропельку шчасця, якую можна атрымаць з пэўнага благаславенства.

Пілігрымка дала магчымасць задумацца над сваім штодзённым жыццём, вучыла быць убогім духам, лагодным, міласэрным, міратворцам. На шляху да Маці Божай Лагішынскай пілігрымы навучыліся мужна і адважна зносіць розныя цяжкасці (асабліва дождж у апошні дзень дарогі) і выпрабаванні з верай, пры гэтым дапамагаючы адзін аднаму ўсмешай і проста добрым словам.

“Чатыры дні пілігрымавання кожнаму ўдзельніку паломніцтва прыносяць штосьці сваё, таямнічае і незабыўнае. Маладыя сэрцы перапаўняюцца вялікай радасцю, суцяшэннем і спакоем, калі крочыць да любячай Маці, якая суцешыць, супакоіць і проста прытуліць да свайго сэрца, - распавяла пра пілігрымку Анастасія Мішкура. - Прыйсці ў дыяцэзіяльны санктуарый у Лагішыне і пакланіцца нашай Маці – найлепшы падарунак, які можна атрымаць за гэтыя чатыры дні, прыйсці і разам з Ёй уваскрэснуць. Кожны пілігрым моцна верыць у тое, што прынесеныя да Марыі падзякі будуць прыняты, а просьбы праз Яе святыя рукі будуць выслуханы Богам”.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.