Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень Маці Тэрэзы адзначаюць законніцы яе супольнасці ў Гомелі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.09.2014 14:20

Успамін благаслаўлёнай Маці Тэрэзы Калькуцкай, законніцы, заснавальніцы жаночай манаскай кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Любові - супольнасці, якая займаецца служэннем бедным і хворым, - адзначаць манахіні гэтай кангрэгацыі ў Гомелі. Маці Тэрэза — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, у 2003 годзе была далучана да ліку благаслаўлёных.

Законніцы адзначаць дзень памяці сваёй заснавальніцы удзелам у святочнай Імшы. У святыню будуць прынесены рэліквіі Маці Тэрэзы, законніцы раздадуць парафіянам паштоўкі з інфармацыяй аб благаслаўлёнай.

Святочны абед для бяздомных адбудзецца ў Доме міласэрнасці ў канцы верасня, пасля дня беатыфікацыі Маці Тэрэзы. З гэтага часу там аднаўляюць рэгулярнае харчаванне для бедных і бяздомных.

Адзіныя ў Беларусі прадстаўнікі супольнасці Маці Тэрэзы з розных краін служаць у Гомелі, дзе ўтрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным. Сёстры ўжо больш за 20 гадоў займаюцца справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Законніцы даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы, уладкавацца на працу, рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў.

Парафіяне касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

Паводле katolik-gomel.by
 
(AYU)
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.