Місіянеркі любові з Гомеля аднавілі бясплатныя абеды для беспрытульных |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
24.09.2014 11:01 |
У Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы (Місіянерак любові) пасля летняга адпачынку ўзнавілася выдача бясплатных абедаў для беспрытульных. Як паведамляе партал гомельскай каталіцкай парафіі, 22 верасня падчас першай такой асенняй акцыі абеды атрымалі каля 80 чалавек. У раздачы порцый сёстрам дапамагалі пробашч парафіі і некалькі вернікаў. Першы абед быў прысвечаны Дню памяці благаслаўлёнай Маці Тэрэзы. Пробашч гомельскай парафіі Наражэння Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Славамір Ляскоўскі прачытаў для ўсіх гасцей урывак з Евангелля і звярнуўся да іх з кароткім казаннем. Некаторым з тых, хто прыйшоў на абед, сёстры былі вымушаны адмовіць праз нецвярозасць гэтых людзей. Усіх беспрытульных правяраюць на алкатэстары: асоба павінна быць цвярозай. Абеды ў доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы будуць праходзіць кожны дзень акрамя нядзелі і чацвярга. (JL) |