З 23 па 27 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшлі рэкалекцыі на распачацце новага навучальнага года. Праводзіў іх ксёндз Павел Врубель, выпускнік гэтай навучальнай установы.
Кожны з дзён рэкалекцый складаўся ў асноўным з малітвы, канферэнцый і духоўнага чытання, а каб лепей правесці гэтыя духоўныя разважанні, семінарысты перажылі іх у маўчанні і цішыні.
Ксёндз Павел Врубель пастараўся на працягу гэтых дзён на прыкладзе свайго ўласнага жыццёвага досведу разгледзець разам з семінарыстамі практычныя рэчы на шляху святарскага паклікання. Перш за ўсё святар падзяліўся ўласным сведчаннем, бо “калі сам не перажыў, то словы могуць аказацца пустымі”.
Семінарыйная супольнасць пад кіраўніцтвам кс. Паўла Врубеля разважала над адкрытасцю на дзеянне Бога ў жыцці хрысціяніна, над тым, што можа перашкаджаць, і тым, што можа ўмацоўваць на шляху да святарства і святасці, над найважнейшымі рэчамі ў пакліканні, а менавіта над еднасцю, шчырасцю і асабліва над асабістым пазнаннем Збаўцы. “Маем заданне самім пазнаць Хрыста, каб весці да Яго іншых людзей!” – адзначыў рэкалекцыяніст. Разбаўляючы сур’ёзныя тэмы жартамі і жыццярадаснасцю, кс. Павел Врубель здолеў глыбока пасеяць зерне Божага Слова ў сэрцах семінарыстаў і даць прыклад святара, які ўсім жыццём спадзяецца на Пана.
“Ніколі не шкадаваў, што пайшоў гэтым шляхам. Гэта самае прыгожае, што можа быць – пакліканне да святарства. І аб гэтым я хачу засведчыць!” – падсумаваў святар свае думкі на апошняй канферэнцыі, пажадаўшы семінарыстам “стаць сапраўды святымі святарамі, якія наследуюць Хрыста і якіх так чакае Касцёл у Беларусі і ў свеце”.
Напрыканцы рэкалекцый дэкан алюмінату падзякаваў ксяндзу Паўлу Врубелю за гэтыя дні і ад імя ўсіх семінарыстаў паабяцаў шчырую і пастаянную малітву за яго, яго парафію і ўсіх святароў, якія ўжо нясуць служэнне ў пакліканні, да рэалізацыі якога імкнуцца і навучэнцы семінарыі, якія паўдзельнічалі ў гэтых рэкалекцыях.
Паводле seminaryja.by (AG)
|