Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Акцыя «Тыдзень без абортаў» пройдзе ў Гомелі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
08.10.2014 15:51

Абласная акцыя «Тыдзень без абортаў» пад назвай «Захавай жыццё» адбудзецца ў Гомелі 13-18 кастрычніка і будзе прымеркавана да Дня маці, які адзначаецца ў Беларусі 14 кастрычніка. Акцыя арганізавана Упраўленнем аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама пры ўдзеле грамадскага аб’яднання «Выратаванне немаўлятаў», праваслаўнага цэнтра абароны мацярынства і дзяцінства «Ладушкі», рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці.

Ва ўсе дні «Тыдня без абортаў» з 17.30 да 19.00 пройдуць вулічныя акцыі з раздачай інфармацыйных матэрыялаў каля гомельскіх гіпермаркетаў і буйных крамаў. Гэта «Еўраопт» на Хатаевіча, «Алмі» на Яфрэмава, «Гіпа» на Косарава, а таксама «Хрустальны» і «Чарнігаўскі» ў Навабеліцкім раёне Гомеля. 18 кастрычніка на плошчы Паўстання з 11 да 17 гадзін пройдзе фінальная вулічная акцыя. Плануецца, што ў ёй прымуць удзел студэнткі Гомельскага інжынернага інстытута МНС Беларусі. Усе вулічныя акцыі санкцыянаваны гарвыканкамам.

У рамках акцыі 15 кастрычніка ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце ўпершыню пройдзе навукова-духоўная канферэнцыя на тэму абортаў. З дакладамі на тэму «Медыцына без абортаў» выступяць гінеколагі, спецыялісты раскажуць аб псіхалагічных наступствах абортаў, праваслаўны святар а. Уладзімір Драбышэўскі раскрые духоўны аспект праблемы, а кандыдат багаслоўя, дырэктар Дабрачыннага фонду абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч прачытае даклад на тэму «Чаму Царква выступае супраць абортаў».

Таксама ва ўсе дні акцыі валанцёры будуць працаваць у медыцынскіх установах, размаўляючы з жанчынамі, якія маюць намер перапыніць цяжарнасць. «Тыдзень без абортаў» пройдзе ва ўсіх жаночых кансультацыях Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі, у гарадскіх паліклініках №№1-4, у бальніцы хуткай дапамогі, абласной клінічнай бальніцы і медыка-генетычным цэнтры «Шлюб і сям’я». На працягу тыдня ва ўсіх медыцынскіх установах горада не будуць рабіць аборты, выключэнне складзе перапыненне цяжарнасці па паказу ўрача.

Мерапрыемства накіравана на фарміраванне станоўчых адносін моладзі да цяжарнасці, усвядомленага мацярынства і бацькоўства. Гэта тыдзень цішыні, якая дае жанчыне магчымасць добра падумаць і прыняць рашэнне.

У акцыі прыме ўдзел і «Місіс Беларусь-2014» гамяльчанка Юлія Перагудава разам са сваім мужам Дзмітрыем. Сужэнцы будуць агітаваць супраць абортаў падчас вулічных акцый.

Паводле гомельскага каталіцкага сайта

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.