Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Экспазіцыя «Дарогаю Бібліі»: стаць героем 3D-падручніка па гісторыі з'яўлення Кнігі кніг (абноўлена)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.10.2014 18:20

Экспазіцыя «Дарогаю Бібліі», якая адкрылася ў баранавіцкім Катэхетычным каледжы імя Зыгмунда Лазінскага 11 кастрычніка, — выстава, якая папулярызуе Біблію ў Беларусі і запрашае гледача-наведвальніка не толькі паглядзець на эскпанаты, але і дакрануцца да некаторых з іх і паспрабаваць сябе ў ролі перапісчыка.

Пасля ўрачыстага пераразання стужкі госці і навучэнцы каледжа пачалі запаўняць пакой, над дзвярыма якога вісела шыльда з назваю «Дарогаю Бібліі», каб сапраўды паспрабаваць адчуць атмасферу стварэння тэкстаў Пісання, самому прайсціся шляхам стварэння Кнігі кніг.

Над гэтай атмасферай экспазіцыі працаваў брат Карнэлій Консэк SVD, які падчас адкрыцця назіраў за гледачамі, не пакідаючы сваёй прафесійнай звычкі — фатаграфаваць.

«У бягучым годзе я меў шчасце наведаць Святую Зямлю, дзякуючы чаму прыблізіўся да таго асяроддзя, у якім жылі людзі Бібліі, — расказвае бр. Корнэль. — Зрабіў многа здымкаў, атрымаў шмат яскравых уражанняў аб культуры, штодзённасці біблійнага свету.

Так і ўзнікла ідэя неяк усё гэта скампанаваць, каб паказаць іншым, які гэта бясцэнны скарб — Біблія, і якое месца павінна займаць яна ў жыцці хрысціяніна. Дарогаю Бібліі, а гэта патрэбна падкрэсліць асабліва, — удакладняе Карнэлій Консэк, — імкнуцца ісці не толькі святары, браты і сёстры законныя. Дарогаю Бібліі ідзе ўсё чалавецтва, і кніга гэта не для выбраных людзей — для ўсіх».


Экспазіцыя размешчана ў доме айцоў вербістаў і адкрыта для ўсіх, хто жадае пазнаёміцца з гісторыяй Бібліі. Яна уяўляе 3D-падручнік, які нельга ўзяць у рукі, але ў які можна патрапіць самому і стаць яго героем.

Як усё дзейнічае?

Зазірнуўшы пад чорную вокладку Вялікай кнігі, можна знайсці пад ёй усе кнігі Бібліі, класіфікаваныя па раздзелах: гістарычныя, Евангеллі і г.д.

Што яшчэ можна зрабіць у гэтым музеі? Не прапусціць пячоры, дзе схаваны святыя тэксты, панюхаць цынамон і карыцу ў гліняных гаршчочках і іншыя расліны, якія сустракаюцца ў Бібліі, не абмінуць спробы перапісаць сваёй рукою адзін верш са Святога Пісання — праўда, не старажытным інструментам, але звычайнай ручкаю, і паставіць некалькі знакаў на дошчачках, якія імітуюць воскавыя таблічкі.

«Дарогаю Бібліі» — інтэрактыўная выстава, здольная зацікавіць наведвальнікаў розных узростаў, быць займальным і жывым музеем, які дапамагае ў форме своеасаблівай гульні адчуць значэнне стварэння Бібліі,стаць штуршком і імпульсам для больш блізкага знаёмства з Богам.

Экспазіцыя адкрыта для шырокага кола наведвальнікаў штодзённа акрамя нядзелі, па адрасе: г. Баранавічы, вул.Шаўчэнкі, 6 (дом Святой Тройцы).

Даведкі па тэл.: 8 (0163) 57 93 14,
                          8 (0163) 57 93 10,
                          8 (0163) 57 93 07

Аксана Ючкавіч, Раіса Сушко


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.