Урачыстасці 100-годдзя нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка адбыліся ў Пінску (+фотарэпартаж) |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
25.10.2014 17:57 |
25 кастрычніка ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбыліся ўрачыстасці 100-годдзя нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка. Таксама ў гэты дзень там aдкрылася VIII Міждыяцэзіяльная пілігрымка сем’яў і сустрэча дэлегатаў супольнасцяў Жывога Ружанца з усяго рэгіёна з нагоды Ружанцовага Кангрэсу — у Пінску праходзіць яго IV частка. rУрачыстую святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Імшы папярэднічала малітва Ружанца. «Падзяка Богу, які даў такога правадніка веры Пінскаму Касцёлу» На пачатку Эўхарыстыі да сабраных звярнуўся біскуп Антоні Дзям’янка. Іерарх адзначыў, што з Пінскам Казіміра Свёнтка, першага кардынала Беларусі, звязвае многае: «тут ён пражыў больш за 60 гадоў», «тут адчуў пакліканне да святарства, рыхтаваўся да святарскага служэння ў сценах семінарыі», «у гэтай катэдры атрымаў пасвячэнне», «пасля зняволення служыў вернікам у Пінску і на Палессі да самай смерці ў ліпені 2011 года», «у крыпце пінскай катэдры спачывае яго цела». «Наша малітоўная сустрэча — гэта просьба аб вечным супакоі для арцыпастыра, лёс якога цэлыя дзесяцігоддзі быў непарыўна звязаны з нашым горадам і дыяцэзіяй, — дадаў біскуп. — Гэта і падзяка Усемагутнаму Богу, які даў такога правадніка веры Пінскаму Касцёлу. Ён служыў нам падчас неспрыяльных гадоў вайны, у часы доўгіх дзесяцігоддзяў сістэмнай атэізацыі жыхароў Беларусі, у перыяд адраджэння Касцёла падчас перабудовы, і ўвёў Пінскі Касцёл у новае тысячагоддзе хрысціянства». Прывітальнае слова ад старшыні Брэсцкага аблвыканкама агучыў Аляксандр Цырэльчук, старшыня Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Брэсцкага аблвыканкама. «У памяці людзей кардынал Казімір Свёнтэк назаўсёды застаўся добрым і уважлівым пастырам», — было адзначана між іншым у прывітальным слове. «Ён быў сведкам Хрыста» Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да сабраных, адзначыў: «Прымаючы ўдзел у гэтай Эўхарыстыі, мы дзякуем Богу за дар асобы кардынала і яго служэння Касцёлу ў Беларусі. Калі б мы хацелі ў некалькіх словах перадаць яго заслугі, трэба было б сказаць, што ён быў проста сведкам Хрыста».
«З веры ён чэрпаў сілы, каб вытрываць у лагерах, вера дапамагала яму самаахвярна, не шкадуючы сябе, служыць Божаму народу ў святарстве», — дадаў іерарх. «Няхай Хрыстус Уваскрослы дасць радасць неба свайму нястомнаму слузе і нястомнаму сведку веры, — пажадаў біскуп. — Мы дзякуем Пану Богу за прыклад жыцця кардынала Свёнтка, за яго веру і любоў да Касцёла». «Убачыць свабоднага чалавека» Падчас Імшы Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сказаў у гаміліі, звяртаючыся да прысутных вернікаў: «Калі я думаю, што б мог адчуваць кардынал Казімір, пазіраючы на вас з неба, то, бачачы вас, думаю, якая вялікая радасць павінна была б яго напаўняць». Па словах іерарха, пінская катэдра была для кардынала «сапраўды ягоным касцёлам», і прыгожа, што ў гэты дзень вернікі сабраліся на малітву менавіта ў гэтай святыні. «Мы сабраліся тут, каб убачыць свабоднага чалавека», — адзначыў Апостальскі Нунцый, кажучы пра кардынала. Свабоднага, патлумачыў арцыбіскуп, не ў тым сэнсе, што ён мог рабіць тое, што хацеў, — «у яго жыцці было якраз наадварот»; «гэта быў чалавек здабыты Хрыстом, які быў вольны змагацца ў добрай барацьбе ажно да канца свайго жыцця». «Мы сабраліся, каб маліцца за чалавека, які стаў сімвалам і прадстаўніком усіх тых, якія пакутавалі аж да смерці за сваю веру», — сказаў іерарх. «Быць людзьмі з высока паднятай галавой» Арцыбіскуп узгадаў, што Папа Ян Павел ІІ казаў пра кардынала Свёнтка «заўсёды з вялікім узрушэннем» і «вельмі любіў называць яго чалавекам, які выйшаў з вязніцы з высока паднятай галавой». Апостальскі Нунцый адзначыў, што цярпенні не зрабілі кардынала сумным, што ён захаваў добрае пачуццё гумару. Іерарх прапанаваў прысутным вернікам падумаць, ці маглі б яны паводзіць сябе падобным чынам, ці з’яўляецца іх вера такой жа. «Мы павінны таксама быць людзьмі з высока паднятай галавой, якія ведаюць, што Бог з імі і ніхто не можа ім пашкодзіць, — сказаў арцыбіскуп. — Людзьмі, якія ўмеюць усміхацца, бачачы маленькія цуды, якія стварае Бог, пачынаючы з таго, што кожную раніцу ўзыходзіць сонца. Людзьмі, якія глядзяць на прыроду і разумеюць, што гэта Божы дар, а не плод працы рук чалавечых». Па словах прадстаўніка Святога Айца, кардынал «вучыць нас адчуваць сябе мужчынамі і жанчынамі, якія маюць годнасць, якіх збавіў Хрыстус, каб мы не былі больш нявольнікамі», вучыць «быць людзьмі, здольнымі чыніць жэсты любові». «Прысутнасць паміж намі кардынала Казіміра – гэта параза для тых, хто хацеў перамагчы Бога, і гонар для тых, хто хацеў ушанаваць Бога, а не сябе самога», — дадаў іерарх, а таксама заахвоціў вернікаў аднаўляць жывы Касцёл у Пінску і выказаў надзею, што сярод моладзі будуць пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. «Дарагі кардынал Казімір, сёння мы абяцаем, што пастараемся быць годнымі цябе, — з такімі словамі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці звярнуўся да кардынала Казіміра Свёнтка. — Пэўнага дня мы далучымся да цябе ў небе, каб ты сказаў Богу: “Пане, гэта мае дзеці”». Пасля Імшы адбылася малітва за супакой душы кардынала ў крыпце пінскага катэдральнага касцёла, дзе ён пахаваны. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |