Алтар капліцы Святой Тройцы асвяцілі ў Баранавічах |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
28.10.2014 12:04 |
Урачыстасці з нагоды асвячэння алтара ў капліцы Святой Тройцы адбыліся 25 кастрычніка ў Баранавічах. Урачыстую святую Імшу цэлебраваў ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.
У сваёй прамове іерарх сканцэнтраваў увагу на тым, якое месца займае алтар у Касцёле, і спыніўся на двух аспектах адной таямніцы: алтар як ахвяра і як месца Божай гасціны, калі «прабываем у таямніцы Эўхарыстыі, атрымліваючы у святой Камуніі Цела і Кроў Хрыста.

Канцэлебраваў святую Імшу кс. Дзмітрый Кернога, вікарый парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.
Біскуп Антоні Дзям’янка шчыра падзякаваў тым, хто непасрэдна ажыццяўляў праект па ўнутраным аздабленні святыні. Сярод іх — маладая мастачка Кацярына Жукоўская, творчая задума і талент якой увасобіўся ў алтары капліцы. Іерарх пажадаў, каб, узмоцненыя ласкай Святога Духа, творцы заўжды стваралі прыгожыя вобразы і духоўныя каштоўнасці, якія дапамагалі б чалавеку падняцца над паўсядзённасцю жыцця і адкрыць сваё сэрца для Бога. Раіса Сушко фота бр. Карнэлія Консэка SVD
|