Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вуліца Спакойная: старадаўнія могілкі горада на Піне
Беларусь - Пінская дыяцэзія
31.10.2014 20:07

У дні з 1 па 8 лістапада каталіцкія вернікі наведваюць могілкі сваіх родных і блізкіх. Нярэдка месцы пахаванняў нашых продкаў уяўляюць сабой вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць. Адзін з такіх прыкладаў — могілкі ў Пінску на вуліцы Спакойная. Найстарэйшыя пахаванні адносяцца да пачатку ХІХ стагоддзя. Пераважаюць каталіцкія помнікі і крыжы, але можна таксама ўбачыць праваслаўныя і яўрэйскія магілы, пахаванні вайскоўцаў, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны.

Старыя Пінскія могілкі сталі месцам спачыну для многіх знакамітых людзей, імёны якіх адзначыліся ў гісторыі нашай зямлі і Касцёла. Тут пахаваны прадстаўнікі вядомых родаў Скірмунтаў, Агінскіх, Орды, Бутрымовічаў, бацькі біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Букрабы (біскуп Пінскі з 1932 да 1939 года).

Сярод іншых выдатных дзеячаў — святары, якія служылі ў Пінску ў 1920 – 30-я гады, супрацоўнічаючы са слугою Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім. Гэта, напрыклад, ксёндз пралат Леон Святаполк-Мірскі (памёр у 1926 г.), які быў пробашчам пінскай катэдры і генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, прафесар і дзядзька біскупа Лазінскага ксёндз доктар Вітальд Чэчот (памёр у 1929 г.) і інш.

Вельмі важна захоўваць памяць пра тых, хто стаяў ля вытокаў мясцовага Касцёла. Пра гэта памятаюць удзячныя вернікі Пінскай дыяцэзіі, якая ў наступным годзе будзе адзначаць 90-ю гадавіну свайго існавання. Каталіцкая супольнасць Пінска заўсёды ў дні ўспаміну памерлых наведвае пахаванні духоўных і свецкіх — слаўных сыноў і дачок нашай Радзімы, якія часта аддавалі сваё жыццё дзеля захавання веры.


На старадаўніх могілках у Пінску знаходзіўся драўляны касцёл Маці Божай Балеснай, які быў пабудаваны ў 1820 г. На пачатку 1980-х гадоў яго знішчылі. Цяпер ад касцёла захаваўся толькі пляц, на якім усталяваны крыж. Кожны год 1 лістапада вернікі прыходзяць сюды на супольную малітву, каб прасіць міласэрнага Бога аб вечным супакоі для сваіх продкаў.

Кс. Юрый Дрозд

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.