Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гомелі маліліся за ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і ўшанавалі іх памяць
Беларусь - Пінская дыяцэзія
02.11.2014 12:19

1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, вернікі гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці маліліся каля крыжа на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы, дзе карнікі НКУС здзяйснялі масавыя расстрэлы, у тым ліку святароў і свецкіх вернікаў. Па традыцыі католікі маліліся і аб прабачэнні тых, хто здзяйсняў рэпрэсіі і расстрэльваў нявінных людзей, а таксама за ўсіх памерлых.

Малітву ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Напярэдадні ў Гомельскай абласной бібліятэцы царкоўна-гістарычная камісія Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў рамках XI Свята-Пакроўскіх чытанняў правяла Вечар памяці гомельскіх новапакутнікаў, якія пацярпелі ў 1920-х - 1930-х гадах ад сталінскіх рэпрэсій. Вядучы вечара, член Сафійскай абшчыны Прэабражэнскага праваслаўнага брацтва і Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі Андрэй Скідан ўзгадаў словы Сімяона Багаслова пра тое, што шанаваць памяць старажытных святых і пераймаць іх жыццё немагчыма, не ведаючы і не далучаючыся да вопыту жыцця новых святых, блізкіх да нас па часе.

Епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан у сваім слове распавёў аб працы Камісіі па кананізацыі, аб пытаннях і праблемах, якія даводзіцца саборна вырашаць, падзяліўся сваім меркаваннем, а таксама згадаў, што да выдання падрыхтаваны мартыралог Гомельскай епархіі і хутка будзе даступны сайт, на якім можна будзе знайсці звесткі аб святарах і аб разбураных у савецкія гады храмах Гомельшчыны.

На сустрэчы прысутнічаў пробашч гомельскай парафіі кс. Славамір Ласкоўскі, які таксама распавёў аб працы, якую вядзе каталіцкая парафія сумесна з гісторыкамі па аднаўленні памяці нявінна забітых у савецкі час, па гісторыі Гомельскага дэканата, і заклікаў да разумення таго, што тое, што адбылося ў мінулым, можа рэальна закрануць і цяпер жывучых.

Андрэй Ананьеў, член Царкоўна-гістарычнай камісіі, у сваім слове назваў імёны расстраляных 1 лістападзе 1937 г. святароў з кароткімі вытрымкамі з іх біяграфіі. У той час па Гомелі прайшла хваля арыштаў па сфабрыкаванай НКУС справе «падпольнай контррэвалюцыйнай арганізацыі царкоўнікаў», больш за 50 чалавек былі расстраляны ў ноч на 1 лістапада 1937 г. Выступоўца згадаў, што ўсе гэтыя падзеі адбыліся не раптоўна, былі тыя, хто хадзіў у храм, а потым прадаваў сваіх сяброў і знаёмых, але былі і тыя, хто заставаўся верным Богу да смерці.

Паводле гомельскага каталіцкага сайта

(AG)

 

Фота гомельскага каталіцкага сайта

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.