З 29 па 31 кастрычніка ў кляштары сясцёр кармэлітанак Дзіцяткі Езуса ў Брэсце адбыліся рэкалекцыі для моладзі. Рэкалекцыі пад назвай “Сэрца пры дарозе” праводзіў кс. Раман Суша.
Падчас уступнай канферэнцыі святар заўважыў, што часта сэрцы вернікаў знаходзяцца менавіта “пры дарозе”, як зерне, што ўпала пры дарозе, было паклявана птушкамі і не прынесла плён (пар. Лк 8, 5), і гэтымі птушкамі з’яўляюцца нашыя грахі.
Убачыць сябе, сустрэцца з Езусам і аднаўляць падабенства Бога ў сабе – асноўны сэнс і значэнне рэкалекцыйных сустрэч, на якіх кожны крок за крокам мае магчымасць атрымаць Божую ласку, так неабходную для збаўлення. Гэтую ласку ўдзельнікі брэсцкіх рэкалекцый атрымоўвалі, шукаючы адказы на складаныя пытанні.
Што такое тэорыя і практыка веры, якім чынам аднаўляць падабенства Бога ў сабе, як штодзённа браць свой крыж, хадзіць у пакоры і наследаваць Хрыста – гэтыя і іншыя пытанні закраналіся падчас канферэнцый. Маладыя вернікі маглі не толькі паглыбіць тэорыю, але і паспрабаваць рэалізоўваць яе на практыцы, робячы пэўныя пастановы на кожны дзень рэкалекцый.
Падчас рахунку сумлення кс. Раман Суша адзначыў: “Для таго, каб я ўбачыў свой грэх, я павінен глядзець на Хрыста. Толькі святло Хрыста паказвае мне, што я цёмны…” Святар таксама нагадаў, што прыклад Хрыста – гэта прыклад караля, прарока і святара, які пакліканы служыць, праз малітву, пост і міласціну рэалізоўваць святарскае служэнне і прапаведаваць Божае слова.
Канферэнцыі, святая Імша, Ружанец, адарацыя, ранішняя і вячэрняя малітвы, сакрамэнт пакаяння дапамагалі моладзі на працягу гэтых трох дзён вучыцца глядзець на Езуса і пазнаваць саміх сябе. Акрамя таго, на рэкалекцыях была магчымасць заступніцкай малітвы ў розных інтэнцыях.
Напрыканцы адбыўся круглы стол, на якім абмяркоўваліся вынікі рэкалекцый. Кожны ўдзельнік дзяліўся тым, што яму далі рэкалекцыйныя сустрэчы і як ён будзе рэалізоўваць атрыманыя веды на практыцы ў штодзённым жыцці.
Марына Валасар
|