Прадстаўнікі розных канфесій правялі сумеснае добраўпарадкаванне закінутых могілак у Гомелі |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
07.11.2014 20:04 |
7 лістапада на гомельскіх Прудкоўскіх могілках іх сумеснае добраўпарадкаванне правялі прадстаўнікі розных канфесій. Сярод удзельнікаў незвычайнай акцыі — парафія Нараджэння Маці Божай, Гомельская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, іудзейская рэлігійная супольнасць «Бейт Яакаў», абласная яўрэйская супольнасць «Ахдут» і «Гомельскі спецкамбінат». Як інфармуе партал гомельскай каталіцкай парафіі, акцыя стала ўжо другой па ліку. Могілкі «Прудкоўскія», пахаванні на якіх адбываліся ў 1920-70-я гг., сёння ўжо не выкарыстоўваюцца і практычна цалкам зараслі. Дзясяткі хрысціянскіх і яўрэйскіх магіл знішчаны вандаламі і часам. «Могілкі — гэта святое месца, таму што тут знайшлі свой супакой продкі. Гэта месца памяці, аб якім трэба клапаціцца, — зазначыў вікарый парафіі Нараджэння Маці Божай а. Кшыштаф Запала. — І вельмі важна працаваць разам, каб рабіць крок да адзінства, таму што, нягледзячы на веравызнанне, усе мы браты і сёстры ад аднаго Бога, які палюбіў нас». У сваю чаргу адміністратар гомельскай сінагогі Ізраэль Пракапенка адзначыў: — Вялікая колькасць яўрэяў выехала з Гомеля, дзе ў свой час яўрэйскае насельніцтва складала больш за 65 працэнтаў жыхароў. Засталося шмат неўладкаваных магіл. Сапраўдны запавет кажа пра дапамогу чалавеку, які табе ўжо не можа адудзячыць, таму сёння мы тут. І няважна, хто якія магілы прыбірае, мы імкнемся гэта зрабіць адзіным фронтам, каб звярнуць увагу гараджан на гэтую праблему. Гэта не канфесійная, а агульначалавечая адказнасць. У акцыі прыняў удзел і прафесійны арбарыст — прамысловы альпініст, які спецыялізуецца па доглядзе за дрэвамі. Хлопец, які назваўся Паўлам, распавёў, што даведаўся пра акцыю з інтэрнэта: — Я вырашыў паўдзельнічаць, каб унесці свой уклад і прымяніць для добрай справы свае ўменні, амуніцыю і тэхніку. Сімвалічна, што акцыя прайшла 7 лістапада — у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі 1917 года. Гэтая дата з’яўляецца дзяржаўным святам і выхадным днём у Беларусі. Аднак «суботнік» зусім не прымеркаваны да гэтай даты: яе выбралі таму, што ў суботу веравызнанне не дазваляе працаваць іудзеям, а ў нядзелю — хрысціянам. Пятніца ж — выхадны дзень — задаволіла ўсіх. (JLS) |