Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліў Імшу на завяршэнне фармацыйнай сустрэчы маладых святароў у Пінску
Беларусь - Пінская дыяцэзія
13.11.2014 17:19

13 лістапада завяршылася фармацыйная сустрэча маладых святароў, якія атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне ў апошнія пяць гадоў. У сустрэчы прынялі ўдзел маладыя святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама Пінскай і Віцебскай дыяцэзій.

У першай палове дня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка выступіў перад удзельнікамі сустрэчы з канферэнцыяй на тэму душпастырства сем’яў.

Іерарх нагадаў пра структуру, а таксама мэты і задачы Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і больш падрабязна распавёў пра душпастырства сужэнцаў і сем’яў.

«Як вядома, падмурак бучучага сужэнства і сям’і закладваецца ў бацькоўскім доме. Аналізуючы традыцыйную мадэль сям’і ў мінулым і сучаснасці, можам сцвердзіць, што маем моцны падмурак, — адзначыў біскуп. — У Беларусі мадэль сям’і, якая дзесяцігоддзямі адчувала на сабе прыгнёт атэістычнай прапаганды, захавала, аднак, прыкметы хрысціянскай сям’і. Таму і душпастырства ў Беларусі павінна ўлічваць гэты аспект».

Таксама іерарх распавёў пра асаблівасці першага Сінода Пінскай дыяцэзіі і яго ролю ў пытаннях сужэнстваў і сям’і. Біскуп перасцярог святароў перад выклікамі сучаснасці і нагадаў пра небяспеку для сем’яў: «Ні першы Сінод Пінскай дыяцэзіі, ні Сінод трох дыяцэзій у свой час не падымалі пытанняў, якія сталі асабліва актуальнымі ў наш час — сурагатнае мяцярынства, навейшыя раннеабартыўныя сродкі і іх згубнае дзеянне на арганізм чалавека. Заданне сучасных душпастыраў  — данесці да вернікаў недапушчальнасць такіх практык».

Біскуп Антоні Дзям’янка таксама цэлебраваў святую Імшу на завяршэнне фармацыйнай сустрэчы. У гаміліі іерарх разважаў пра Божую прысутнасць унутры кожнага чалавека.

«Езус гаворыць апосталам аб Божым Валадарстве, якое знаходзіцца ўнутры кожнага чалавека. Яно нараджаецца, праяўляецца, пастаянна развіваецца. Гэтае Валадарства з’явілася ва ўчынках Езуса, але, каб яго зноў убачыць, трэба дачакацца Яго другога прыйсця», — зазначыў пінскі ардынарый.

Біскуп звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што перад другім прыйсцем Езуса хрысціян чакаюць вялікія выпрабаванні і прыніжэнні, але, нягледзячы на гэта, хрысціяне павінны жыць надзеяй.

Іерарх заклікаў узмацняць у сабе Божае Валадарства па прыкладзе св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якая гаварыла: «Разумею і ведаю, што Божае Валадарства ёсць у нас. А кожны з нас сваёй дарогай ідзе да Яго».

(JLS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.