У пінскай семінарыі прайшоў дзень духоўных сустрэч для семінарыстаў |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
17.11.2014 10:43 |
15 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага адбыўся дзень духоўных разважанняў для семінарыстаў. Праводзіў яго кс. Ігар Лашук з Таварыства св. Францішка Сальскага. Традыцыйна такія дні праходзяць у семінарыі прыкладна раз у месяц, каб сярод вучобы і штодзённых спраў навучэнцы маглі знайсці час для большай засяроджанасці і малітвы, для разважання аб сваім жыцці і пакліканні. З мэтаю больш плённага перажывання гэтага адмысловага часу на працягу ўсяго дня захоўваецца маўчанне і чытаецца толькі духоўная літаратура. Ксёндз Ігар Лашук шмат увагі прысвяціў апавяданню семінарыстам аб набажэнстве да душаў чысцовых. Святар звярнуў увагу на еднасць Касцёла, які праяўляецца як Касцёл трыумфуючы, Касцёл пілігрымуючы і Касцёл церпячы — у чысцы, на тое, як можна дапамагчы душам чысцовым сваёй малітвай, і тое, што і яны моляцца за жывых і дапамагаюць ім у жыцці сваёй малітвай. Кажучы пра шлях семінарыстаў да Хрыстовага святарства, духоўны кіраўнік падкрэсліў, што перадусім святар павінен быць сапраўдным Мужчынам з вялікай літары, айцом для сваёй парафіі, для тых людзей, якіх Бог і Касцёл даверылі яму, і таму ён павінен несці за іх вялікую адказнасць. Асаблівыя словы былі скіраваныя да тых, хто ўжо на наступны дзень меўся атрымаць сутаны. Ксёндз Ігар Лашук адзначыў, што чорны колер сутаны нагадвае пра своеасаблівае паміранне для гэтага свету, гэта сімвал вырачэння ўсяго таго, што аддаляе ад Хрыста. Напрыканцы канферэнцый дэкан алюмнату ад імя ўсёй супольнасці падзякаваў рэкалекцыяністу за яго канферэнцыі. Андрэй Багдановіч |