У пінскай семінарыі прайшлі аблучыны (абноўлена) |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
18.11.2014 13:16 |
16 лістапада ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбыліся аблучыны. «Духоўнае адзенне» — сутаны — атрымалі пяць навучэнцаў трэцяга курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага. Семінарысты Яўген Баланёў, Андрэй Бурак, Аляксей Цвячкоўскі, Уладзіслаў Шарковіч і Павел Сідарэнка атрымалі магчымасць сведчыць аб сваёй веры і пакліканні не толькі словам і справай — цяпер пра выбраны імі шлях сведчыць і іх адзенне. Урачыстую святую Імшу з ускладаннем сутан узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У сваёй гаміліі ва ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай іерарх нагадаў прысутным гісторыю цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай і яго значэнне для Божага люду на беларускіх землях. Звяртаючыся да тых, хто павінен быў атрымаць духоўны строй, біскуп нагадаў аб вернасці, святасці і самавырачэнні. «Пакінуць усё дзеля той высокай мэты, якою з’яўляецца рэалізацыя святарскага паклікання», — сказаў пінскі ардынарый. Біскуп дадаў, што «семінарысты ў будучыні павінны здолець выканаць заданне сваёго паклікання і дапамагчы іншым людзям у выкананні гэтага задання». Яшчэ цэлебрант пажадаў семінарыстам вытрымкі на выбраным імі шляху і сапраўднай еднасці з Хрыстом Валадаром. «А мы будзем малітоўна вас падтрымліваць у гэтай справе!» — запэўніў біскуп. Раздзяліць з семінарыстамі радасць прыехалі шматлікія госці. Бацькі, браты і сёстры, родныя, сябры і знаёмыя былі побач, каб разам перажываць і радавацца гэтаму іх новаму кроку — магчыма, і не вельмі вялікаму, аднак важнаму і адказнаму — на шляху да рэалізацыі святарскага паклікання. Андрэй Багдановіч |