20 лістапада ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі завяршыліся рэкалекцыі для святароў. У рэкалекцыях, якія праводзіў а. Станіслаў Памыкала SJ, прынялі ўдзел святары з Пінскай і іншых дыяцэзій Беларусі. У той жа дзень у Пінску праходзіла пастырская сустрэча духавенства дыяцэзіі.
Святую Імшу на заканчэнне рэкалекцый узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У ёй прымаў удзел таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Гамілію прамовіў а. Станіслаў Памыкала, звярнуўшы ўвагу на важнасць малітвы ў жыцці духоўнай асобы: «Мы павінны маліцца не з абавязку, а з патрэбы сэрца і нашай душы, каб мы ніколі не ўпалі ў спакусу самаабагаўлення — пыхі, якая нішчыць Касцёл Божы, кожную супольнасць — і законную, і парафіяльную, і дыяцэзіяльную».
Святар перасцярог перад небяспекай пыхі, якая перашкаджае вернаму выкананню абавязкаў, якія вынікаюць з жыццёвага стану асобы, і перад тым, каб пры выкананні штодзённых абавязкаў не ўпасці ў «спакусу самаабагаўлення».
Айцец Станіслаў Памыкала паразважаў над сустнасцю святарства, над тым, якім павінен быць святар ці кансэкраваная асоба. «Бог робіць нас святарaмі супольнасці, дае нам шлях. Святарства — не што іншае, як шлях. Мы з’яўляемся святарамі праз хрост і пасвячэнне. Святарства — лагодны і пакорны шлях ахвярнай любові. Трэба быць заўсёды верным шляху ахвярнай любові», — адзначыў а. Памыкала.
Святар дадаў, што трэба заўсёды быць «пакорным перад Богам, днём і ноччу, у кожнай сітуацыі», а яшчэ адной важнай рэччу назваў «удзячнасць Богу за ўсё». Па словах святара, духоўная асоба, рэалізуючы гэта ў сваім жыцці, будзе здольнай да «лагоднасці ў адносінах з людзьмі, паколькі Хрыстус кажа: вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам».
«Трэба мець у сабе святарскае сэрца: быць пакорным перад Богам і ціхім, лагодным з людзьмі, — адзначыў а. Станіслаў Памыкала. — Калі мы будзем захоўваць у сабе гэтую лагоднасць і пакору, ідучы шляхам ахвярнай любові, то ніколі не трапім у спакусу самаабагаўлення».