У гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці з кастрычніка па снежань па панядзелках ужо больш за 20 гадоў праходзяць сустрэчы «Школы веры» для дарослых і моладзі. Як тлумачыць пробашч кс. Славамір Ласкоўскі, сустрэчы ладзяцца па той прычыне, што большасць парафіян — або так званыя неакатолікі, або тыя, хто быў ахрышчаны ў дзяцінстве, але ніколі не меў зносін з Касцёлам, бо тут яго не было доўгія гады.
«Школа веры» ў парафіі існуе для таго, каб закласці першы фундамент, каб чалавек, які прыходзіць у касцёл, атрымаў азбуку хрысціянскага жыцця. Гэтая азбука — не толькі багаслоўскія нюансы, біблійная гісторыя, мараль, літургія: перш за ўсё задума «Школы веры» ў тым, каб чалавек мог адкрыць сэрца для Бога і зразумець, якая Божая задума ў дачыненні да яго жыцця, навошта яму быць вернікам, хадзіць у касцёл.
«Вера — гэта насамрэч дар, бо многія, хто прыходзіць да мяне, робяць гэта ўпершыню, я з імі ніколі не сустракаўся раней, я нават іх не запрашаў на “Школу веры”. Значыць, іх запрасіў сам Бог праз іншых вернікаў, свецкіх, якія жывуць у Гомелі, працуюць разам, сустракаюцца з гэтымі людзьмі», — сказаў кс. Славамір Ласкоўскі Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Такім чынам, значную частку тых, хто прыходзіць на «Школу веру», прыцягнула жывое сведчанне сучасных католікаў. На думку гомельскага пробашча, «Школа веры» — лепшая форма ўводзінаў чалавека ў касцёльнае жыццё: маленькімі крокамі наперад. Некаторых святар не запрашае адразу на нядзельную Імшу, таму што для чалавека патрэбны час, каб ён пакрысе ўзрастаў, як дзіця ва ўлонні маці. Пробашч запрашае на катэхезы для дарослых і моладзі ў ключы неакатэхуменальных суполак, і пасля гэтых катэхез чалавек сам вырашае: працягвае шлях у суполцы ці ўваходзіць у жыццё парафіі і рыхтуецца да сакрамэнтаў.
19-гадовая Вольга з Астраўца, якая вучыцца ў Гомелі, патрапіла ў «Школу веры», калі прачытала інфармацыю аб ёй на парафіяльным сайце, шмат думала, пайсці ці не, і, калі вырашыла пайсці, не пашкадавала: «Пачала задумвацца пра Бога, пра сваё прызначэнне, пра гэта шмат гавораць на занятках. Таксама слухаем урыўкі з Бібліі, разважанні святара аб прымяненні Слова ў паўсядзённым жыцці, на канкрэтных прыкладах пачынаеш задумвацца аб сваёй веры, хочаш яе ўдасканальваць і даведваешся, як гэта лепш зрабіць, як выконваць волю Бога».
39-гадовы Мікалай даведаўся пра «Школу веры» падчас нядзельнай Імшы ў касцёле: «Бывае, што дома часу не хапае пачытаць Біблію, а тут яна абмяркоўваецца, разглядаюцца цікавыя моманты аб веры, тлумачэнне Святога Пісання».
79-гадовая Лідзія наведвае касцёл каля 15 гадоў, але толькі цяпер вырашыла пайсці ў «Школу веры»: «Я хачу далучыцца да веры, таму хачу глыбей даведацца пра ўсё тое, што тут кажуць. Пачалі з чалавека грэшнага, ён ідзе з грахом, але побач з ім Бог. І ён пачынае верыць, глыбока разумець, што Бог яму дапамагае».
На думку гомельскага пробашча, «Школа веры» — гэта найлепшы спосаб набываць дар жыцця з Езусам, і святар прапануе такі варыянт кожнаму, хто прыходзіць у парафію, у тым ліку маладым, якія прыйшлі браць шлюб: тады, па словах кс. Славаміра Ласкоўскага, здымаецца шмат пытанняў, чалавеку прасцей рашыцца на тое, каб рэгулярна па нядзелях прыходзіць у святыню, будаваць асабістыя адносіны з Богам. (AG)
|