Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Чалавек дыялогу»: дыякан Юрый Пракапюк прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Пінску
Беларусь - Пінская дыяцэзія
12.12.2014 15:29

11 снежня ў пінскай катэдры адбылося прэзбітэрскае пасвячэнне дыякана Юрыя Пракапюка, якое яму ўдзяліў ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.

 

Юрый Пракапюк паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кобрыне. Скончыў духоўную семінарыю ў Польшчы. Быў на практыцы ў Італіі, на місійнай практыцы ў Паўднёвай Карэі.

Пачынаў вучобу ў семінарыі ў Пінску, вучыўся разам з кс. Раманам Сушам і дыяканам Мікалаем Гракавым. Яго аднакурснікі-сябры ўзгадваюць і адзначаюць:

Мэтанакіраваны «чалавек дыялогу»

 

«Мне кс. Юрый запомніўся ў семінарыі як чалавек дыпламатыі, чалавек далікатны і шматгранны. — кажа кс. Раман Суша, — з ім заўсёды можна было паразмаўляць на розныя тэмы, а калі на нейкае пытанне не мог адказаць, то казаў, што не ведае. Ён заўсёды шукаў адказаў на пытанні, было бачна, што ён імкнецца дасягнуць таго, што хоча. Мы бачым, што якраз сёння ён гэтага дасягае».

Таксама кс. Раман Суша лічыць, што гэты чалавек будзе займаць асаблівае месца ў Касцёле — «як святар дыялогу, камунікацыі».

«Юра вельмі мэтанакіраваны чалавек, — заўважае дыякан Мікалай Гракаў, — ён ніколі не спыняецца, не адварочваецца, а па-евангельску, «паклаўшы руку на плуг», ідзе далей, не звяртаючы ўвагі на цяжкасці або ўнутраныя сумневы.

Гэта таксама чалавек вельмі пабожны, які шмат моліцца, які не толькі знаходзіць адказы на свае пытанні ў малітве, але заўсёды гатовы дапамагчы ў моманты складаных рашэнняў нам, сваім сябрам».

Браць прыклад з чалавека з вялікім сэрцам

 

Падчас урачыстай Імшы, якая сабрала святароў таксама з нагоды пастырскай сустрэчы ў Пінскай дыяцэзіі, біскуп Антоні Дзям’янка ў сваёй гаміліі звярнуў увагу ўсіх прысутных на такі момант:

«Прыгледзімся — каго сёння мы можам сустрэць у свеце, які тып людзей? Мы можам сустрэць чалавека з «вялікай галавой» і «маленькім сэрцам». Такі чалавек давярае розуму, завучанай мудрасці, мае навуковыя ступені, амбіцыі, навуковыя дасягненні, публікацыі. У яго інтэлектуальны позірк на чалавека, на Касцёл, на сяброў. Ён чалавек «з вялікай галавой», які прываблівае адукаванасцю і ведамі, але з цяжкасцю затрымліваецца каля іншага чалавекам. Ён здольны крытыкаваць нават найбліжэйшых, але звычайна не здольны на шляхетныя ўчынкі. Робіць дабро толькі тады, калі з гэтага мае карысць. Людзі «з вялікай галавой», але з маленькім сэрцам пачулі ад Езуса — «гора вам».

Мы можам сустрэць чалавека «з малой галавой», «з маленькім сэрцам і вялікім жыватом». Такі чалавек не мае імкнення пазнаваць, ён карыстаецца з таго, што дадуць, альбо што трапіць у яго рукі. Ён не мае пачуццяў да іншага чалавека. Яго не цікавяць ані праўда, ані дабро. Яго не цікавіць духоўнае ўзрастанне. Яму важна спажывальніцтва, забеспячэнне сябе самога, выгада… Сэрца яго затоплена ў рэчах, у справах, у інтарэсах. Яго не цікавяць праўда, іншы чалавек, грамадства».

Разам з адмоўным прыкладам біскуп прыгадаў, што можна сустрэць і зусім іншага, «чалавека з вялікім сэрцам, які ўсе робіць паводле сэрца. Ён зразумее і ўсюды задзейнічае сэрца. Веды для яго не найважнейшыя, хоць неабходныя».

У прыклад іерарх прывёў св. Францішка, брата Альбэрта, якія мелі вялікае сэрца для чалавека і Бога.

Таксама ў гаміліі іерарх неаднаразова звяртаўся да яшчэ дыякана, а праз некалькі хвілін ужо новапрэзбітэра Юрыя Пракапюка з пажаданнямі даверыцца заступніцтву Маці Божай:

«Дарагі кандыдат, калі ты накіроўваешся на жніво Пана, у Яе матчыны далоні складаеш сваю будучыню, таму даверся Ёй. Пад апекай Маці Божай вытрымай цяжкасці і выпрабаванні на жніве Пана. Яно хутчэй за ўсё не будзе лёгкім, бо Хрыстус не абяцаў сваім вучням выгоднага, бесклапотнага і лёгкага жыцця, наадварот, часта прыгадваў, што праўда і дабро родзяцца сярод супраціваў».

 

 

«Святары — гэта рукі Бога, таму няхай мой сын будзе добрай і здаровай рукой Пана Бога», — пажадала новапрэзбітэру яго маці Ірына Пракапюк. 

Свае словы пажаданняў новапрэзбітэру выказалі і яго аднакурснікі-сябры:

«Каб гэты чалавек — «святар дыялогу» — быў і чалавекам пакоры, які з далікатнасцю падыходзіць да іншага чалавека, але дае не тое, што хоча чалавек, а тое, што трэба», — сказаў кс. Раман Суша.

«Жадаю, каб твой святарскі шлях быў прыгожым, такім, якім яго бачыць Бог», — пажадаў дыякан Мікалай Гракаў. 

(AYU)
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.