Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гомелі адкрыецца група Ананімных Наркаманаў
Беларусь - Пінская дыяцэзія
15.12.2014 14:11

Ініцыятыўная група працуе ў Гомелі над адкрыццём групы Ананімных Наркаманаў (АН або NA). Зараз ідзе працэдура рэгістрацыі групы ў гарвыканкаме.

«Ананімныя Наркаманы» — сусветная супольнасць залежных людзей, якія папраўляюцца і рэгулярна збіраюцца, каб дапамагаць адзін аднаму пазбаўляцца ад праблемы залежнасці — не ўжываць наркотыкі. Супольнасць існуе з 1953 года, першая група ў Беларусі адкрылася ў 1999 годзе.

Ініцыятарам адкрыцця групы ў Гомелі стаў залежны Дзмітрый, гамяльчанін, які апошнім часам жыў у Мінску і там стаў членам АН. Ён спецыяльна вярнуўся жыць і працаваць у родны Гомель, каб адкрыць тут групу Ананімных Наркаманаў:

— Цяпер і ў пакутуючых ад хваробы наркаманіі гомельцаў з’явіцца шанец. Я запрашаю залежных прыходзіць да нас, таму што я сам меў праблемы з наркотыкамі, але цяпер з дапамогай АН не ўжываю ўжо больш за два гады. А да гэтага я прымаў наркотыкі каля 12 гадоў і не знаходзіў выйсця, спрабаваў розныя спосабы: дэтаксікацыю, бальніцу, быў перыяд, калі я сядзеў у турме і думаў, што, калі выйду, пачну новае жыццё. Але зноў пачынаў спрабаваць, адзін раз, другі — і залежнасць вярталася. Гэта доўжылася да таго часу, пакуль я сам не трапіў у супольнасць АН. З тых часоў застаюся чыстым і цвярозым і не ўжываю ні наркотыкі, ні алкаголь. Я навучыўся жыць у гэтым стане цвярозасці і адчуваю сябе шчаслівым. Таму хачу сказаць іншым пакутуючым ад залежнасці: выйсце ёсць!

Супольнасць АН — для тых, хто хоча, а не для тых, каму трэба, кажа Дзмітрый. У АН няма ні ўступных, ні членскіх узносаў, усё цалкам добраахвотна. Ананімныя Наркаманы — садружнасць, якая аб’ядноўвае мужчын і жанчын, што дзеляцца адзін з адным сваім вопытам, сіламі і надзеямі, каб вырашыць агульную праблему і дапамагчы іншым пазбавіцца ад залежнасці. Адзіная ўмова для сяброўства ў супольнасці — жаданне кінуць ужываць. АН не звязаны ні з якой сектай, веравызнаннем, палітычным кірункам, арганізацыяй або ўстановай, імкнуцца не ўступаць у палеміку ні па якіх пытаннях, не падтрымліваюць і не выступаюць ні супраць чыіх інтарэсаў.

На сустрэчу АН запрашаюць усіх, хто мае праблемы з хімічнай залежнасцю або лічыць, што яна можа ў яго быць, і ў каго ёсць жаданне спыніць ужываць.

— Запрашаем таксама тых, хто ўжывае спайс, бо гэтыя наркотыкі — велізарная бяда для сучаснай моладзі. У мяне ў самога быў вопыт, калі я паліў спайс, гэта вельмі страшна, — распавядае сябар супольнасці залежны Мікалай. — Спайсы выклікаюць вельмі жорсткую залежнасць, я прачынаўся толькі з адной думкай: хутчэй дастаць папаліць. Яны страшна ўплываюць на памяць, пад дзеяннем спайсаў я нават не мог сабраць думкі, яны адключаюць магчымасць думаць.

— Нас не цікавіць, колькі або якія наркотыкі вы ўжывалі, у каго вы іх бралі, што вы рабілі ў мінулым, багатыя вы ці бедныя. Нас цікавіць толькі, ці ёсць у вас жаданне вырашыць вашу праблему і як мы можам дапамагчы вам. А дапамагчы мы можам сваім вопытам. У АН ёсць духоўная праграма 12 Крокаў АН, па якой мы паспяхова робімся здаровымі, змяняемся ўнутры, і дзякуючы гэтаму адпадае патрэба ва ўжыванні наркотыкаў.

Ініцыятыўная група створана нядаўна і цяпер у яе ўваходзяць сем чалавек. У бліжэйшых планах гомельскай групы Ананімных Наркаманаў пасля завяршэння працэдуры рэгістрацыі — раздрукаваць візітоўкі і наведваць наркалогіі, запрашаць пакутуючых ад залежнасці ў групу.

Сходы групы будуць праходзіць па пэўных правілах: удзельнікі рыхтуюць сабе гарбату ці каву, садзяцца вакол стала і пачынаюць сустрэчу хвілінай маўчання, каб успомніць пра тых, хто яшчэ пакутуе ад залежнасці. На сходзе зачытваюць правілы супольнасці і задаюць тэму, па якой кожны можа выказвацца.

Група Ананімных Наркаманаў у Гомелі плануе збірацца ў памяшканні Дома міласэрнасці каталіцкага ордэна Маці Тэрэзы па вуліцы Савецкай, 146а (прыпынак «Свята-Траецкі храм»)
.

Дзяжурны тэлефон для тых, хто мае намер далучыцца да групы ў Гомелі: (033) 357-46-56. Сайт АН у Беларусі — na-rb.by.

Паводле гомельскага каталіцкага сайта

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.