21 снежня ў Белаазёрску (Пінская дыяцэзія, Пружанскі дэканат) адбылося асвячэнне касцёла і ўрачыстая закладка вуглавога каменя на будаўніцтва новай святыні. На ўрачыстую падзею прыбыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У гаміліі падчас святой Імшы біскуп адзначыў, што асвячэнне дома малітвы з’яўляецца святам як для парафіі, так і для дыяцэзіяльнай супольнасці, якая рыхтуецца да 90-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі.
Гэтая мясцовасць, як нагадаў іерарх, узнікла каля 50 гадоў таму з прычыны пабудовы цеплаэлектрастанцыі, якая дала працу многім людзям з усёй Беларусі. Парафія была заснавана дваццаць гадоў таму, і толькі цяпер паўстала парафіяльная святыня.
«У святыні ёсць алтар. Таму кожны з нас, хто рупліва ў гэтай святыні моліцца, прадстаўляючы Богу просьбы, падзякі, мольбы і прашэнні ў розныя гадзіны сутак, — той з’яўляецца тым матэрыялам, тым каменем, з якога Пан будуе алтар. Святыня заклікае нас да адзінадумства і згоды — такі дух панаваў у Апосталаў», — дадаў біскуп і пажадаў, каб святыня спрыяла «духоўнаму ўмацаванню, аднаўленню ўсіх тых, хто яе наведвае».
«Святыня будзе бачным знакам прысутнасці Бога ў вашым горадзе для супольнасці католікаў і людзей добрай волі. Няхай яна стане таксама бачным знакам Бога для тых, хто згубіў дарогу да Яго альбо толькі ў пошуках да Бога», — пажадаў таксама пінскі ардынарый.
Біскуп нагадаў, што парафія «не з’яўляецца арганізацыяй паслугаў, у якой можна ўсё атрымаць, купіць альбо дастаць, але супольнасцю людзей веруючых і практыкуючых, якія, злучаныя ў той самай веры і любові Хрыста, утвараюць адзіны Хрыстовы Касцёл». Тое, што веруючыя людзі рашаюцца на пабудову святыні, засноўваюць парафіі, — гэтага, па словах іерарха, «патрабуе сэрца, гэта вынікае з глыбокай веры ў Езуса».
«Сёння ўдзельнічаем ў асвячэнні фундаменту і мураў новай святыні — вашай святыні. Так вы рэалізуеце імкненні сэрцаў, якія звернуты да Бога, і Богу гэтую святыню будуеце. Будуеце для сябе, вашых дзяцей і ўнукаў. Будуеце сапраўдны дом Божы, адзіны каталіцкі касцёл для жыхароў горада. У гэтай святыні будзе месца для кожнага — для тых, хто заблукаў, для грэшніка, для таго, хто яшчэ ў няўпэўненасці, і для святых, бо гэта будзе дом Айца», — заўважыў пінскі ардынарый.
Біскуп Антоні Дзям’янка пажадаў, каб будаўніцтва гэтага «дома, прызначанага для выключна Божых спраў», завяршылася, каб новы касцёл быў «месцам спаткання з Богам кожнага, хто верыць, тых хто Бога шчыра шукае, і тых, якія, навярнуўшыся, знаходзяць зноў дарогу да любячага міласэрнага Айца». (AG)
|