Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка на Імшы пастэрцы ў Пінску: «Няхай у таямніцы Уцелаўлення мы нанова спазнаем вялікую любоў Бога» (+фота)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
25.12.2014 02:25

У вігілію Божага Нараджэння біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў Імшу пастэрку ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.

Нараджэнне Езуса Хрыста, як адзначыў у гаміліі іерарх, — «гэта не толькі ўспамін», «бо Ён прысутны і прабывае сапраўды ў сваім Касцёле». «Больш за дзве тысячы гадоў таму праявілася дабрыня і міласць Збаўцы нашага Бога да людзей, — дадаў біскуп Пінскі. — Людзі Яго сустракаюць  і сёння, кожны пілігрымуе да свайго Бэтлеема».

Па словах іерарха, час святкавання Божага Нараджэння — «перыяд, калі нанова можам прыгадаць праўду, што Хрыстус Эмануэль — Бог з намі», «спадарожнічае нам ва ўсе часы, у сумныя і радасныя хвіліны», «дапамагае нам у працы здабыць штодзённы хлеб і ў клопаце аб шчаслівым заўтрашнім дні».

«Хрыстус у ясельках з’яўляецца для нас знакам таго, што мы не адзінокія ў свеце, заўсёды пры нас добры Бог», — падкрэсліў пінскі ардынарый і ў сувязі з гэтым пажадаў на Божае Нараджэнне «большага даверу да Бога, добрага настрою, выдатных вынікаў у новым 2015 годзе, каб больш было радасных хвілін». «Няхай Хрыстус нам благаславіць на кожны дзень, каб мы ў здароўі і асабістым шчасці маглі крочыць на спатканне з Ім у небе», — дадаў іерарх.

Па словах біскупа, «чарговы раз Бог дае нам шансы, каб пазналі Яго ў нашай штодзённасці, прынялі і занеслі тым, хто яшчэ Яго шукае». «Няхай радасць і любоў, якія маюць выток ад Дзіцяці, у гэтую ноч знішчаць муры падзелаў варожасці і нянавісці, муры абыякавасці і замкнёнасці ў сабе», — сказаў іерарх.

Кажучы пра тое, што сёлета адзначалася 100-я гадавіна пачатку Першай сусветнай вайны, біскуп нагадаў, што Божае Нараджэнне ў акопах на фронце для салдат варожых армій было тады «добрай магчымасцю выйсці насустрач і братацца». «Цуд Божага Нараджэння ўчыніў так, што тыя, хто лічыліся ворагамі і стралялі адзін у аднаго, выходзілі, каб паціснуць адзін аднаму далоні, падаць рукі», — дадаў іерарх.

Таксама біскуп адзначыў, што таямніца Божага Нараджэння «цесна злучана з годнасцю сям’і». «Святая Сям’я ўпісваецца ў план неразгаданай Божай любові як дар і крыніца адновы для нашых сем’яў. Асаблівым выразам клопату аб сям’і з’яўляюцца высілкі апошняга Сінода, якія ахінулі Касцёл у памеры ўсіх кантынентаў, народаў і культур, — нагадаў біскуп. — Вобраз Святой Сям’і з’яўляецца для нас святлом, якое вызначае правільную дарогу на бурлівым моры сучаснага свету, каб трапна дапамагаць сем’ям у іх місіі і пакліканні». «Уся будучыня Касцёла ідзе праз сям’ю, — заўважыў пінскі ардынарый. — Атмасфера ў сям’і спрыяе апостальству ў свеце. І свецкія асобы адказныя за свет, каб ён быў больш святым».

Біскуп прыгадаў «вялікую ролю свядома прынятага сакрамэнту сужэнства, які дазваляе прыняць супольльную дарогу жыцця і любові», «вялікую ролю маці і бацькі ў давядзенні дзяцей да сапраўднага выхавання ў хрысціянскім, евангельскім духу».

Пінскі ардынарый павіншаваў усіх вернікаў і людзей добрай волі са святам Божага Нараджэння, пажадаўшы, каб «у таямніцы Уцелаўлення мы змаглі нанова адчуць і спазнаць вялікую любоў Бога». «Няхай сум і трывогі вас не закранаюць, а душа ваша няхай будзе адкрыта дабру і хараству. Няхай супакой і радасць прыходзячага Пана будуць гасцямі ў вашых сем’ях, у нашым грамадстве і ва ўсім свеце. Няхай Божая любоў сагравае вашыя сэрцы, няхай вашыя думкі і імкненні будуць чыстыя, — пажадаў біскуп Антоні Дзям’янка. — Няхай святло Божага Нараджэння раз’ясняе нашу штодзённую працу і намаганні, дадаючы бляску хвілінам радасным і шчаслівым».

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.