20 снежня ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунда Лазінскага ў Баранавічах адбылася аплатковая сустрэча студэнтаў, выкладчыкаў і гасцей.
Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка. У гаміліі іерарх заклікаў усіх адкрыць сваё сэрца на прыйсце маленькага Езуса, як гэта зрабіла Марыя. Біскуп пажадаў студэнтам, каб яны неслі святло нованароджанага Езуса і згаджаліся з прыняццем Божай волі, а таксама сваім прыкладам і сведчаннем веры набліжалі іншых да Бога.
Пасля святой Імшы адбыўся спектакль, які прыгадаў сабраным падзеі Бэтлеемскай ночы. Студэнты адлюстравалі біблейскія падзеі пры дапамозе тэатра ценяў.
Таксама на сустрэчу завiталi сем’i з арганізацыі “Ты не адзін”. Дзеці з сіндромам Даўна ўпрыгожылi святочны вечар сваiм выступленнем, выканаўшы танец сняжынак і прачытаўшы верш пра Божае Нараджэнне.
Пасля ў сталовай адбылося дзяленне аплаткай, урачыстая вячэра і супольнае спяванне калядак. Падчас вячэры ў каледж завіталі калядоўшчыкі, якія парадавалі гасцей вясёлай праграмай.
Сёлетняя сустрэча, як звычайна, пакінула шмат цёплых успамінаў. “Аплатковая сустрэча – гэта час спаткання знаёмых і сяброў. Час, калі можна сказаць “прабач” і “дзякуй за тое, што ты ёсць побач”. Гэта магчымасць дзяліцца тым, што маеш: радасцю і смуткам, дасягненнямі і няўдачамі, верай і духоўнымі хваляваннямі. Я вельмі ўдзячна Богу за магчымасць быць побач з іншымі студэнтамі і праслаўляць Яго”, - падзялілася Таня Дзянішчык.
Алена Рак, Ганна Ліцкевіч
Фота бр. Карнэлія Консэка SVD
|