28 снежня, у свята Святой Сям’і, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў святую Імшу ў парафіі Нараджэння Божай Маці ў Гомелі.
У гаміліі іерарх адзначыў, што Святая Сям’я “ўпісваецца ў план неразгаданай Божай любові як дар і крыніца адновы для нашых сем’яў”. Біскуп дадаў, што асаблівым выразам клопату аб сям’і з’яўляюцца высілкі апошняга Сінода Біскупаў. “Вобраз Святой Сям’і з’яўляецца для нас святлом, вызначаючым правільную дарогу на бурлівым моры сучаснага свету, каб трапна дапамагаць сем’ям у іх місіі і пакліканні”, - падкрэсліў пінскі ардынарый.
Кажучы пра крызіс, які перажываюць сёння сужэнствы ў Еўропе, біскуп звярнуў увагу, што таму для хрысціянскіх сужэнстваў у Касцеле і свеце “ёсць асаблівыя заданні на сённяшнія часы”. Іерарх нагадаў, што сужэнцы “павінны ўдзельнічаць у любові закаханых да Хрыста, клапаціцца аб дзецях, перадаючы ім спакойна і з даверлівасцю сэнс жыцця, сілу веры, паказваючы ім узнёслыя мэты і падтрымліваючы іх”.
Іерарх дадаў таксама, што душпастыры і іншыя вернікі ў парафіі павінны дапамагаць разведзеным асобам, “каб тыя адчувалі клапатлівую любоў і стараліся ісці ў накірунку выпраўлення сітуацыі, каб не адчувалі, што яны выключаныя з Касцёла, таму што могуць як ахрышчаныя і павінны ўдзельнічаць у яго жыцці”.
Пінскі ардынарый падкрэсліў, што ў сучасным свеце ёсць “вялікая неабходнасць у сталай веры бацькоў, сведчанні сужанцаў і цэлых сем’яў, каб Евангелле аб сям’і было перададзена з радасцю і любоўю тым, каго асабліва закрануў крызіс веры, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі”.
“Таямніцу любові ў сям’і можам зразумець, калі ўглядаемся ў Марыю і Юзафа, якія схіляюцца над малым Езусам, - адзначыў біскуп. – Там, дзе ёсць любоў, не існуе адзіноты. Трэба знайсці час на тое, каб затрымацца, пабыць разам, паразмаўляць, шукаць месцаў і сітуацый, якія б спрыялі пабудове трывалых сувязяў”.
Біскуп падзякаваў бацькам, якія паглыбляюць сваю веру і выхоўваюць у каталіцкай веры дзяцей. “Шчаслівая сям’я павінна дзяліцца радасцю і даваць іншым прыклад таго, што Евангелле можна рэалізаваць і сёння ў штодзённым жыцці ў сям’і”, - заўважыў іерарх і дадаў таксама, што ўзаемная любоў сужэнцаў – “пацверджанне прысутнасці Бога пасярод нас”, што яна дазваляе дзецям узрастаць да адказнасці перад Богам, Касцёлам і іншым чалавекам.
“Касцёл хоча быць блізка да ўсіх тых, хто неаднойчы не з сваёй віны аказаліся ў цяжкіх сітуацыях альбо нават жывуць у адносінах, якія супярэчаць Божаму намеру: напрыклад без сакрамэнту сужэнства альбо ў наступных саюзах. Святы Айцец павучае, што Касцёл не асуджае чалавека, але грэх, які стаіць на перашкодзе да шчасця чалавека. І таму ўсе мы павінны дапамагаць загубленым асобам у тым, каб вярнуліся да Бога”, - адзначыў пінскі ардынарый.
Біскуп павіншаваў усіх вернікаў і людзей добрай волі са святам Божага Нараджэння. “Няхай сум і трывогі вас не закранаюць, а душа ваша няхай будзе адкрыта дабру і хараству. Няхай супакой і радасць прыходзячага Пана будуць гасцямі ў вашых сем’ях, у нашым грамадстве і ва ўсім свеце”, - сказаў іерарх, а асабліва пажадаў радасці сужэнцам, сем’ям, тым, хто рыхтуецца да сужэнства, і тым, хто дапамагае сужэнцам у выкананні іх місіі ў сучасным свеце. (AG)
|