Гомельскія скаўты здзейснілі зімовую вандроўку да Маці Божай Юравіцкай |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
06.01.2015 17:00 |
3-4 студзеня дарослыя скаўты-«вандроўнікі» Першай гомельскай дружыны каталіцкіх скаўтаў святога Андрэя Баболі здзейснілі сваю зімовую вандроўку. Цэнтральным пунктам пілігрымкі была абрана вёска Юравічы Калінкавіцкага раёна.
Гэтая вёска вядомая не толькі тым, што тут знайшлі самую старажытную стаянку чалавека ў Беларусі, але і цудатворным абразом Маці Божай Юравіцкай, які знаходзіўся ў адзіным на Гомельшчыне езуіцкім калегіуме і касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы.
Гэты абраз шануецца як католікамі, так і праваслаўнымі. Юравіцкі комплекс, помнік архітэктуры позняга барока, першапачаткова належаў Ордэну езуітаў. Аднак пасля паўстання 1863-1864 гадоў касцёл быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства на падставе загаду генерал-губернатара Мураўёва. Комплекс стаў праваслаўным жаночым манастыром, але з прыходам савецкай улады яго зачынілі, а будынак аддалі пад дзіцячы дом. У 1993 годзе дзяржава перадала паўразбураны Юравіцкі храмавы комплекс Тураўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Рэстаўрацыя будынка доўжыцца да гэтага часу.
Праваслаўныя і католікі разам праводзяць Хросны ход з Мазыра ў Юравічы з 2006 года, калі ў склепе разбуранага кляштара выпадкова знайшлі копію цудатворнага абраза. А сама старажытная святыня ў XIX стагоддзі была таемна вывезена ў Кракаў і знаходзіцца там да гэтага часу.
Скаўты пачалі пілігрымку з сімвалічнага месца - вялізнага крыжа, утворанага трасамі Р-35 і Р-31. Больш за 20 кіламетраў да юравіцкай святыні «вандроўнікі» ішлі праз лясы і палі пад дажджом, снегам і ветрам з песнямі, малітвамі і канферэнцыямі.
Прыбыўшы да ночы ў старадаўні комплекс, дзе цяпер размяшчаецца праваслаўны Свята-Раства-Багароднічны мужчынскі манастыр, пілігрымы знайшлі цёплы братэрскі прыём праваслаўных манахаў і начлег у старадаўнім будынку калегіума, які калісьці ўзвялі езуіты.
Скаўты памаліліся перад абразом Маці Божай Юравіцкай, прысутнічалі на праваслаўнай літургіі і адправіліся ў шлях да райцэнтра Хойнікі, дзе прынялі ўдзел у святой Імшы ў каталіцкай парафіі.
Паводле гомельскага каталіцкага сайта (AG) Фота гомельскага каталіцкага сайта
|