У 2015 г. плануецца пачаць будаўніцтва другой чаргі Дзіцячай вёскі для сірот-інвалідаў |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
10.01.2015 17:57 |
У гэтым годзе плануецца пачаць будаўніцтва другой чаргі Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця (Дзіцячай вёскі). Пра гэта распавёў першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацабароне Гомельскага аблвыканкама Леанід Мальчук:
- У будаўніцтва першай чаргі інтэрната ўкладзена каля трох мільёнаў еўра спонсараў, намячаецца ў наступным годзе пачаць другую чаргу, усе пытанні ўжо агавораны, у тым ліку са спонсарамі. Плануецца пабудаваць працоўныя майстэрні для рэабілітацыі, медблок і адміністрацыйны корпус.
У майстэрні будуць запрашаць на рэабілітацыю дзяцей, якія жывуць не толькі ў Дзіцячай вёсцы, але і ў сваіх сем’ях.
Унікальная для Беларусі Дзіцячая вёска была ўрачыста адкрыта 12 кастрычніка 2011 г. Інтэрнат пабудаваны з дапамогай Каталіцкай дабрачыннай місіі “Карытас – Міласэрнасць” на грошы замежных дабрачынных арганізацый і вернікаў-католікаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў. Вёска разлічана на пражыванне 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Чатыры асобныя групы-сем’і ўключаюць па 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям’ю, з’яўляецца законная сястра Ордэна бэнэдыктынак-самарытанак Крыжа Хрыстова, якая разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апякуецца жыццём дзяцей. Дзейнасць хоспіса арганізавана пры падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.
Паводле гомельскага каталіцкага сайта (AG)
|