10 студзеня ў Баранавічах адкрылася дыяцэзіяльная сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі. Святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў у парафіі Святога Зыгмунта біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Звяртаючыся да моладзі з гаміліяй, іерарх адзначыў, што гэтая сустрэча моладзі першая ў новым 2015 годзе і багатая на падзеі. Па-першае, нагадаў біскуп, 11 студзеня адзначаецца свята Хросту Пана. “Мы з удзячнасцю прыгадваем наш хрост, нашае абранне ў вялікую сям’ю, імя якой хрысціянства. Дзякуем Богу за ласкі на дарозе нашага жыцця ў накірунку да святасці, перапрашаем за недасканаласці, нявернасць і слабасці ў выкананні нашых абавязкаў, якія вынікаюць з факту хросту. Кіруем нашу ўдзячнасць да бацькоў, святара, які нас ахрысціў, хросных і тых, якія дапамаглі нам пазнаць хрысціянскую веру, палюбіць Касцёл - нашу маці”, - сказаў пінскі ардынарый.
Па-другое, звярнуў увагу біскуп, дадзеная сустрэча моладзі адбываецца ў Год кансэкраванага жыцця. “Характэрная пастава манаства - гэта гатоўнасць, - адзначыў іерарх. - Быць пільным – значыць мець адкрытыя вочы і вушы, каб заўважыць тых, хто чакае нашага чулага сэрца. Быць пільным - гэта значыць уносіць лад і супакой у неспакойны і сварлівы свет, пазначаным грахом эгаізму і насілля. Трэба быць уважлівым, гэта значыць бараніцца перад злом, каб яно не пасялілася ў нашым сэрцы і не спустошыла яго. Быць уважлівым – гэта памнажаць у свеце дабро, справядлівасць і салідарнасць”.
Па словах іерарха, “самая глыбокая матывацыя ісці за Хрыстом - гэта сама асоба Хрыста”, бо “Ён сам па сабе дастатковы, каб наследаваць Яго”.
“Манаскі харызмат служыць усім, бо яго натура – гэта дар, каб служыць іншым, - дадаў біскуп. – Манахі, пакідаючы ўсё - сям’ю і асяроддзе, - даюць сведчанне, што Хрыстус іх найвялікшы скарб, наймацнейшая любоў і што для такой любові варта жыць і прысвяціць сябе. Манахі вучаць, што кожны чалавек можа ў цэнтры жыцця паставіць Бога. Такое сведчанне асабліва актуальнае ў сучасным свеце, дзе часта пануе хаос, загубленасць, дэзарыентацыя. Такое сведчанне патрэбна для людзей, якія сгубілі сэнс быцця”.
“Манаскія шлюбы - гэта адказ на шматлікія выклікі часу”, - падкрэсліў пінскі ардынарый. Па словах біскупа, “ў свеце праяўляюцца тры правакацыі”: “правакацыя культуры спажывальніцтва”, якая “адкідае аб’ектыўныя нормы полу, зводзячы часта да ўзроўню забавы альбо тавару, практыкуючы культ інстынкту”, - “адказам на гэта з’яўляецца шлюб чысціні”; “матэрыялістычнае імкненне мець” - адказам на гэта з’яўляецца шлюб беднасці, часта спалучаны з канкрэтнай дзейнасцю; і трэцяя правакацыя – “разуменне свабоды такой, якая аддзяляе ад фундаментальнага разумення праўды і норм маральнасці і вядзе да памылковага ўжывання свабоды” – “адказам з’яўляецца шлюб паслухмянасці”.
Таксама іерарх нагадаў моладзі, што Пінская дыяцэзія рыхтуецца да 90-годдзя заснавання. “У клопаце аб жыхарах Палесся пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Папа акрэсліў межы новай дыяцэзіі і прызначыў першага яе пастыра - Слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага”, - дадаў біскуп.
Пінскі ардынарый заахвоціў удзельнікаў сустрэчы моладзі, “разважаючы над гэтымі важнымі датамі”, дзякаваць Богу за веру, за прыналежнасць да Касцёла і прасіць аб “ласцы добра выкарыстаць розныя акалічнасці да паглыблення хрысціянскай духоўнасці, засведчыць аб тым, што Хрыстус учора, сёння і заўсёды дзейнічае ў структурах Касцёла, таксама праз сведчанне манаскага жыцця, і дае чалавеку шанс на збаўленне”. (AG)
|