Дэкрэт аб адпустах у Пінскай дыяцэзіі ў Год кансэкраванага жыцця |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
12.01.2015 12:11 |
З нагоды Года кансэкраванага жыцця, згодна з Дэкрэтам Апостальскай Пэнітэнцыярыі ад 23 лістапада 2014 г., у Пінскай дыяцэзіі ўстанаўляю касцёлы, у якіх кожны вернік штодзённа можа атрымаць поўны адпуст да 2 лютага 2016 г. уключна і ахвяраваць яго як за жывых, так і за памерлых: к - Катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску;
- Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце;
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі;
- Касцёл Святых Пятра і Паўла ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне;
- Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў санктуарыі Св. Андрэя Баболі ў Іванаве;
- Касцёл Маці Божай Фацімскай у Баранавічах;
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе.
У гэтых касцёлах на бачным месцы неабходна размясціць адмысловае паведамленне аб тым, што ў іх можна атрымаць поўны адпуст, з пералічанымі ўмовамі для яго атрымання.
Для атрымання адпусту неабходна быць у стане Божай ласкі, вызваліўшыся ад грахоў у сакрамэнце пакаяння, прыняць Святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца (Ойча наш; Вітай, Марыя; Веру ў Бога).
Заклікаю душпастыраў заахвочваць вернікаў да наведвання выбраных месцаў адпусту. Святары, якія служаць у вышэй узгаданых касцёлах, няхай агорнуць асаблівай пастырскай і сакрамэнтальнай апекай вернікаў, якія будуць прыбываць у адпустовыя святыні.
Выказваю надзею, што дзякуючы адпустам вернікі будуць мець новую магчымасць для ўмацавання ў веры.
З малітвай і благаслаўленнем
+ Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі
Кс. Андрэй Рылка Канцлер
Пінск, 12 студзеня 2015 г.
|