Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У доме сясцёр палатынак у Бярозе прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.01.2015 12:44

З 8 па 10 студзеня ў доме сясцёр палатынак у г. Бярозе (Пінская дыяцэзія) праходзілі рэкалекцыі для дзяўчат. У духоўных практыкаваннях прынялі ўдзел 17 дзяўчат з Воранава, Сігневіч, Углян і Бярозы.

Дзяўчаты з Воранава прыехалі разам з сястрой Магдаленай Хэрмановіч SAC. Праводзіла рэкалекцыі сястра Наталля Пецкялюн SAC, сястра Альжбета Ткач SAC служыла ў кухні. Ксёндз Уладзімір Буклярэвіч SAC, пробашч парафіі ў Бярозе, падрыхтаваў канферэнцыі і цэлебраваў святую Імшу ў доме сясцёр.

Рэкалекцыі прайшлі на тэму «Верны сябар – лякарства ў жыцці» (Мдр 6.5-16). У працы ў групах дзяўчаты разважалі над пытаннямі: што ўмацоўвае сяброўства, а што яго знішчае; што мне дае сувязь з іншымі; ці трэба адбудоўваць адносіны пасля здрады; ці можна дзейнічаць супраць сябра для яго дабра. Таксама, выкарыстоўваючы свае мастацкія і паэтычныя здольнасці, удзельніцы павінны былі прадставіць адказ на пытанне, чым з’яўляецца сяброўства. Праца ў групах дала магчымасць лепш пазнаёміцца, навучыцца адкрыта размаўляць і выказваць свае думкі, зразумець па-новаму некаторыя справы.

Ксёндз Уладзімір Буклярэвіч у сваіх канфeрэнцыях стараўся паказаць, што найлепшым Сябрам у жыцці з’яўляецца Езус Хрыстус, і размаўляць з Ім мы вучымся праз малітву і Святое Пісанне.

Увечары кожная ўдзельніца атрымала індывідульнае заданне на картцы, дзе павінна была адказаць на пытанні: ці ўмею я быць добрым сябрам, чаго мне для гэтага не хапае і што пастанаўляю зрабіць у гэтым напрамку.

Падчас рэкалекцый дзяўчаты супольна маліліся на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і праслаўлялі Бога спевам.

Адказы дзяўчат на пытанне «З чым я выязджаю з рэкалекцый?» паказалі, што такія сустрэчы варта арганізоўваць і ў далейшым: «я зразумела, што трэба больш паглыбляць сваю сувязь з Богам»; «я зразумела, што мне шмат чаго не хапае, каб быць добрым сябрам»; «я не ведала, што ёсць такі лек — “Сябар”»; «я адкрыла, што сяброўства з’яўляецца падарункам і яго трэба берагчы».

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.