24 студзеня студэнты-катэхеты 2 курса Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах правялі свае першыя ўрокі рэлігіі.
Уражаннямі падзяліўся Уладзімір Крупенка:
«Першая катэхеза падобна да першай маёй бойкі ў дзіцячым садку: ніхто нікога не забіў, але ўражанняў было столькі, што апавядаў яшчэ тыдзень.
Нашу групу падзялілі на дзве часткі. Першая палова праводзіла заняткі для дзяцей, другая — для іх бацькоў. Мне дасталіся па жэрабю дарослыя. Калі казаць дакладней, то адзін дарослы. Я не ведаю, колькі год было тым дзецям, якія паралельна мелі заняткі, але ім было дастаткова шмат год, каб іх не суправаджалі на заняткі бацькі. У думках я быў гатовы да такога павароту, але колькасць катэхізуемых у адзін момант значна павялічылася за кошт студэнтаў-катэхетаў, якія ў гэты час былі вольныя.
Непасрэдна пра сам час першай практыкі казаць няма чаго. Ну, можа, адно, што адчуў, як лягчэй апавядаць, калі слухаюць. А лепш распавяду пра час падрыхтоўкі. Падрыхтоўка пачалася з выбару тэмы, бо тыя, хто замест вучняў атрымаў дарослых, павінны былі самі выбраць тэму і прадмет занятку. Я апавядаў пра малітву “Ойча наш”. Не чакаў, што тэма досыць складаная і так мяне дакранецца. А дакранулася яна мяне тады, калі я перастаў лічыць, што ўсё ў ёй разумею. Напрыклад, “свяціся імя Тваё” — што гэта значыць, аб чым мы просім, на што згаджаемся, па якім шляху вырашаем ісці, кажучы гэтыя словы? Пачалі паўставаць цяжкія пытанні, і апошні тыдзень перад практыкай стаўся часам для адказу на іх. Мне падаецца, што так і павінна быць, бо, калі матэрыял цябе не кранае, ты не знаходзіш там нічога цікавага, павінны з’явіцца думкі, што штосьці робіцца нядобра.
Падводзячы вынікі нашага першага настаўніцкага вопыту, амаль усе адзначылі неабходнасць такіх заняткаў, патрэбу практыкі, бо добры катэхет інакш не з’явіцца».
Паводле catcollege.by (AG) Фота catcollege.by
|