Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Баранавічах прайшла сустрэча кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
03.02.2015 16:50

3 лютага ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах адбылася сустрэча асобаў кансэкраванага жыцця Пінскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец, які належыць да Ордэна братоў Прапаведнікаў (дамінікане).

На пачатку Імшы да кансэкраваных асобаў звярнуўся біскуп Антоні Дзям'янка. Згадваючы пра свята Ахвяравання Пана, якое адзначалася напярэдадні, іерарх сказаў: «У думках мы знаходзімся ў Ерузалемскай святыні падчас ахвяравання Езуса ў 40-ы дзень пасля нараджэння. Дарагія асобы кансэкраванага жыцця нашай дыяцэзіі, для вас свята Ахвяравання Пана асабліва блізкае і дарагое».

«Блізкае таму, што кожны і кожная з вас у свой час таксама зрабілі ахвяру Богу са свайго жыцця, — патлумачыў пінскі ардынарый. — Яму вы даверылі сваю будучыню, сваю волю, свае багацці і сваю свабоду. Дарагое таму, што ў гэтым вы бачыце сэнс жыцця – служэнне ўсёй сваёй асобай Богу і чалавеку».



«Дыяцэзія ў 90-ю гадавіну паўстання дзякуе Богу за дар вашага служэння, за харызматы, якімі ўзбагачаеце рэлігійнае жыццё ў дыяцэзіі, заахвочваючы такім чынам свецкіх вернікаў да паглыбленага рэлігійнага жыцця», — адзначыў біскуп.

«Вы з’яўляецеся працягам вуснаў Хрыста, калі навучаеце катэхізісу ў касцёле, у катэхетычных залах і на розных сустрэчах, рэалізуючы наказ Настаўніка апосталам: „Ідзіце і навучайце ўсе народы”, — дадаў пінскі ардынарый. — Чысціня і велічная цішыня ў святынях, зладжаны спеў падчас набажэнстваў – гэта таксама ў многім ваша заслуга. Вы навучаеце Божы Народ любіць літургічную малітву і ахвотна браць у ёй удзел».



«Вы з’яўляецеся прыкладам для свецкіх у вядзенні сакрамэнтальнага жыцця – частая споведзь і Святая Камунія практыкуецца членамі вашых супольнасцяў, — сказаў біскуп. — Вы падобныя да Марты — сястры Лазара — якую Езус пахваліў за тое, што яна абрала найлепшую частку».

Біскуп пажадаў законным асобам, каб Год кансэкраванага жыцця паспрыяў іх «духоўнаму аднаўленню, большай руплівасці ў выкананні прынятых абавязкаў».

(AG)
фота бр. Корнэля Консэка SVD

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.