Святыя Імшы ў першую гадавіну смерці кс. Генрыка Тэлемана адбыліся 5 лютага ў капліцы Дома міласэрнасці ў Лагішыне і 6 лютага ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кобрыне (Пінская дыяцэзія). Імшы ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У Доме міласэрнасці ў Лагішыне кс. Генрык Тэлеман праводзіў апошнія гады жыцця, будучы з-за хваробы прыкутым да інваліднай каляскі. У гаміліі падчас Імшаў біскуп Антоні Дзям'янка падкрэсліў: “Гэта натуральна, што сум і жаль спадарожнічаюць кожнаму ўспаміну аб памерлых, але яны не могуць апанаваць усім чалавекам. Бо мы верым, што той, якога ўспамінаем, за каго молімся, жыве ў Бога. Жыве таксама ў постаці дабра, якое пакінуў пасля сябе”.
“Цяпер ён вядзе іншае жыццё - жыццё ў вечнасці, - дадаў біскуп. - Гэта па-за нашымі ўяўленнямі. Але ведаем, што гэта Божае абяцанне”.
“У гадавіну смерці молімся за святара, аб якім прарок Ісая гаворыць: “Вось Мой слуга… Мой выбраны, якога Я ўпадабаў, Я учыніў, што Мой Дух спачыў на ім" (пар. Іс 42, 1-2). Гэтыя словы можам аднесці таксама да служэння кс. Генрыха. Бог яго выбраў і паклікаў, каб быў распарадчыкам сакрамэнтаў, абвяшчаў Божае слова і наследваў Хрыста, жывучы ў цэлібаце і паслушэнстве Маці Касцёлу”, - адзначыў пінскі ардынарый.
“Апостал Народаў у Пасланні да Карынцянаў прыгадвае фундаментальную праўду нашага жыцця, нашага чалавечага існавання: што ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе; бо калі мы жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем – для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем – мы належым Пану, - нагадаў іерарх. - Ці ўсведамляем мы, што павінны належаць Пану? Ёсць шмат людзей, якія не жадаюць жыць для Бога, якія жывуць так, як быццам бы Бог не існаваў, па-свойму будуючы жыццё - без Бога, без Евангелля, без Касцёла, без духоўных каштоўнасцяў, заснаваных на хрысціянскай маральнасці. А святы Павел вучыць, што такая дарога памылковая. Усе станем перад трыбуналам Бога, бо напісана: “Перада Мною схіліцца кожнае калена, і кожны язык будзе вызнаваць Бога””.
Біскуп дадаў, што ў гадавіну смерці кс. Генрыка Тэлемана варта паразважаць над словамі Евангелля: “Я – уваскрасенне і жыццё, – кажа Пан, - хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі””.
“Дарагі ксёндз Генрык, дзякуем табе за велікадушнае служэнне ў святарскай супольнасці. Ты даў прыклад сучаснай моладзі, што трэба клапаціцца заўсёды аб збаўленні сваёй душы. Ты кароткім служэннем як святар паказаў прыклад адказнага клопату аб збаўленні іншым. І такім чынам ты будзеш у нашай памяці. Бо чалавек, які не памятае аб сваіх памерлых, не заслугоўвае даверу. Ён тады павярхоўны, бо жыве выключна сваім часам. Такі не здольны рабіць высновы з мудрасці пакаленняў. Будзем жа памятаць пра святой памяці нашых памерлых, а асабліва пра такіх асобаў, як ксёндз Генрык”, - сказаў біскуп Антоні Дзям’янка.
Ксёндз Генрык Тэлеман служыў у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Асавой, парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Століне, катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.
Нарадзіўся 15 ліпеня 1958 г. Перад паступленнем у семінарыю вывучаў псіхалогію ва ўніверсітэце ў Маскве, затым працаваў выкладчыкам псіхалогіі. Пасля скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Польшчы. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 16 ліпеня 1995 г. з рук кардынала Казіміра Свёнтка. Быў выкладчыкaм псіхалогіі ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
У апошнія гады жыцця прабываў у Доме міласэрнасці ў Лагішыне. (AG)
|