Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў» прайшоў у Баранавічах (+фотарэпартаж)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
09.02.2015 13:34

7 лютага ў Баранавічах адбыўся фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў». Прысутнічаў на фестывалі і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Праславіць Бога спевамі прыехалі каталіцкія і пратэстанцкія гурты з Баранавіч, Брэста і Мінска. Сёлетні фэст стаў ужо чацвёртым па ліку.

Першы раз ён адбыўся ў Астраўцы, другі — у Гудагаі, а ў гэтым годзе, як і ў мінулым, — у Баранавічах.

На сцэне мясцовага Дома культуры тэкстыльшчыкаў выступілі гурты «Небасхіл» (Мінск), «Laudans» (Мінск), «Paracletos» (Брэст), «United in Spirit» (Баранавічы), а таксама дэбютанты фэсту — маладыя музыкі з гурта «The Crossway» (Баранавічы). Спецыяльным госцем фестывалю быў гурт «The Fraiz».

«Гэта моладзь, якая імкнецца да Хрыста»

На пачатку канцэрта пінскі ардынарый выказаў словы падзякі арганізатарам мерапрыемства і ўладам горада, дзякуючы якім канцэрт адбыўся, а таксама благаславіў усіх ўдзельнікаў фестывалю.

Паказальным быў той факт, што на фестывалі біскуп прысутнічаў цэлы вечар:

«Ёсць розныя формы евангелізацыі, а гэты канцэрт — адна з такіх форм, — адзначыў карэспандэнту Catholic.by біскуп Антоні Дзям’янка. — Мяне радуе, што гэтую евангелізацыю праводзіць моладзь. Моладзь, якая імкнецца да Хрыста; моладзь, якая жыве Богам і якая ходзіць у касцёл, якая мае духоўнае кіраўніцтва і дзеліцца духоўным багаццем са сваімі аднагодкамі…»

На сцэне — гурт «Небасхіл»

Распачыналі канцэрт дэбютанты мінулага года — гурт «United in Spirit». Музыкі прыемна здзівілі і разагрэлі залу не толькі сваімі песнямі, але і кавер-версіяй на знакамітую кампазіцыю Боба Дзілана «Дастукацца да нябёсаў».

Пасля выступілі гурты «Laudans» і «Небасхіл». Лірычныя і пранікнёныя спевы гуртоў неўзабаве былі зменены філасофскімі тэкстамі іншага калектыва — «Paracletos».

Спяваць для Бога

Рэкорд па колькасці ўдзельнікаў, якія нават не змясціліся на сцэне, паставіў самы малады гурт «The Crossway».

Як распавёў пасля выступлення калектыву яго стваральнік кс. Павел Рудзьман, «The Crossway» ён успрымае як сапраўдную сям’ю:

«Удзельнікі гурта для мяне як родныя дзеці, якія вырастаюць і перамогі якіх  бачныя штодня. Але гэтыя перамогі выліваюцца не ў які-небудзь гонар, а толькі ў радасць, якую яны перадаюць далей…»

Паводле слоў святара, над арганізацыяй фестываля працавала вялікая колькасць людзей, галоўная ж мэта фэсту — адзінства моладзі. Завяршыў фестываль спецыяльны госць — гурт «The Fraiz».

Андрэй Лугін — саліст гурту «Laudans»

Пасля канцэрта мы пацікавіліся ў музыкантаў і гледачоў іх уражаннямі.

Дана Малевіч, «The Crossway»: «Я ўпершыню выступала на гэтым канцэрце. Летась я яшчэ не ўваходзіла ў калектыў «The Crossway», а гэтай зімой кс. Павел Рудзьман дадаў мяне ў гэтую сям'ю, і я ўпэўнілася, што гэта сапрады сям’я, таму што тут ёсць сябры, якія могуць заўсёды падтрымаць. Мне вельмі спадабалася».

Словы калегі падзяляе і Ірына Фарэйка. Дзяўчына дадае, што фестываль стаўся для яе сапраўднай малітвай вялікай сям’і, якая сабралася разам.

Франк Пятліцкі, гурт «United in Spirit»: «Вельмі добра, што ёсць такія фестывалі, куды могуць прыйсці не толькі людзі, якія ходзяць у касцёл або царкву, але таксама і тыя, якія знаходзяцца далёка ад Касцёла. Цудоўна, калі яны прыходзяць проста паслухаць, а потым гэта перарастае ў штосьці большае — у веру».

Ян Пятліцкі, саліст гурта «United in Spirit»: «Было б цудоўна, калі б такая хрысціянская музыка, як на гэтым фестывалі, выходзіла на новы ўзровень — дзяржаўны, каб нас запрашалі на дні горада ці штосьці падобнае. Гэта было б вельмі важна для нас, бо такім чынам праз наш спеў мы маглі б расказаць пра Бога і іншай моладзі».


Андрэй Лугін, гурт «Laudans»: «Дзякуем Богу за тое, што ёсць такі фестываль, таму што гэта вельмі патрэбна для музыкаў, для веруючых людзей… Першы чалавек, які заслугоўвае падзякі — кс. Павел Рудзьман, які арганізаваў гэты фестываль. Што тычыцца нашага гурта, то ў нас крыху змяніўся склад. Таксама пачалі пісаць больш сваіх тэкстаў».

Алена Палачанская, гурт «Laudans»: «Гэтым разам я адчула, што наш узровень значна вырас у параўнанні з мінулым годам. Я стала, напрыклад, больш упэўненай, думаю, што Андрэй таксама. Атмасфера ў зале была вельмі прыемная, большасць гледачоў складала моладзь, а выступаць сярод моладзі вельмі прыемна».

Віталій Шлег з Ляхавіч прызнаўся, што час, праведзены на канцэрце, быў для яго цудоўным: «Пасля такіх мерапрыемстваў сапраўды дзякуеш Богу за магчымасць прысутнічаць, слухаць і бачыць такія таленты, якімі Айцец адарыў гэтую моладзь!»

Сваё захапленне фестывалем выказала і Настасся Пракопчык з Пружанаў, якая ў другі  раз наведала фэст:

«Усё больш і больш мяне захапляе гэты фестываль, і заўважаю, што гурты на самой справе шмат працуюць, удасканальваюцца. Іх музыка, іх усмешкі даюць сапраўдны зарад пазітыву. Гэта фантастычна!»

Марына Валасар, фота аўтара


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.