У Гомелі запланавана будаўніцтва другога ў горадзе касцёла |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
13.02.2015 10:31 |
Знішчаную савецкімі ўладамі каталіцкую парафію Унебаўзяцця Божай Маці ў Гомелі адрадзілі два гады таму. У дадзены ж момант ідзе фарміраванне зямельнага ўчастка пад будаўніцтва новай святыні з падпісаннем акту выбару. Пра гэта са спасылкай на Гомельскі гарвыканкам паведамляе сайт гомельскай каталіцкай парафіi. Другі ў Гомелі касцёл мяркуецца пабудаваць на праспекце Кастрычніка ў раёне корпуса ГДТУ імя Сухога. Станоўчае рашэнне аб рэгістрацыі рыма-каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Божай Маці было прынята на пасяджэнні камісіі Гомельскага гарвыканкама ў лютым 2013 года. На працягу апошніх двух гадоў афармляюцца дакументы, вырашаецца пытанне аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва касцёла. Тым часам многія вернікі штодня моляцца аб больш хуткім пачатку ўзвядзення новай святыні. Касцёл Унебаўзяцця Божай Маці яшчэ з царскіх часоў размяшчаўся ў самым цэнтры Гомеля, на месцы цяперашняй плошчы Леніна (тады — вул. Базарнай), прыкладна ў тым месцы, дзе зараз стаяць драмтэатр і будынак Белтэлекама. — У 1938 годзе парафію зачынілі савецкія ўлады, а ў 1940 годзе храм узарвалі. Мы павінны вярнуць гісторыю Гомеля і аднавіць гэтую парафію, — зазначае дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які займаецца адраджэннем парафіі. — Зараз ідзе размова аб выбары ўчастка. Гомель — другі горад пасля Мінска па колькасці насельніцтва і мае ўсяго толькі адну каталіцкую святыню. Мы хочам пабудаваць класічны касцёл, усталяваць там арган, каб гомельцы маглі пачуць Баха, «Авэ Марыя». Грамадства мае патрэбу ў духоўным адраджэнні. Біскуп таксама адзначыў, што з Савецкага раёна вернікам вельмі далёка даязджаць да адзінага дзеючага сёння ў горадзе касцёла, таму менавіта тут плануецца будаўніцтва другой каталіцкай святыні. Паводле сайта гомельскай каталіцкай парафіі, (ILS) |