«Як растапіць скамянелае сэрца?»: рэкалекцыі для моладзі прайшлі ў Брэсце |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
16.02.2015 12:03 |
З 12 па 14 лютага праходзілі моладзевыя рэкалекцыі ў брэсцкім кляштары сясцёр кармэлітанак ад Дзіцяткі Езуса. Глыбей пазнаць сябе праз адкрыццё Божага слова захацелі маладыя католікі з Брэста, Івацэвіч і Мінска. Праводзіў рэкалекцыі кс. Раман Суша. Рэкалекцыі прайшлі на тэму «Скамянелае сэрца» і сталі ўжо другімі ў шэрагу духоўных разважанняў, звязаных з тэматыкай сэрца. У кастрычніку мінулага года кс. Раман Суша праводзіў рэкалекцыі «Сэрца пры дарозе». Што значыць мець «скамянелае сэрца» і якія прычыны гэтай скамянеласці, як змяніць сваё сэрца і прыйсці да сапраўднай Любові? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна было пачуць на канферэнцыях, а духоўнай падтрымкай на кожны дзень былі супольныя малітвы, удзел у Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Як і ў мінулы раз, падчас рэкалекцый была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і магчымасць заступніцкай малітвы ў розных інтэнцыях. «Ці гатовы я адкрыць сваё аблічча? Убачыць, дзе я маю рану, каб яе рэальна перамагчы? Ці гатовы я ўбачыць прычыну маіх няшчасцяў твар у твар? Мы маем час, каб змяніць сваё сэрца на сэрца Езуса. Ён дае нам гэта як дар. І тады, калі я выходжу насуперак усялякім страхам, калі я выходжу насуперак сваёй смерці, я яе перамагаю, таму што са мной Езус, таму што са мной той, хто ўжо гэтую смерць перамог. Разам з ім я магу ўваскрэснуць», — заўважыў кс. Раман Суша ў сваёй гаміліі падчас святой Імшы. Як адзначыў падчас канферэнцый рэкалекцыяніст, скамянелае сэрца — гэта сэрца, якое страціла здольнасць усведамляць, што Бог ёсць Любоў: «Сэрца, якое расло і стварала сабе іншых багоў: бога-суддзю, бога поспеху, бога-міліцыянера, бога смерці — гэтыя вобразы перашкаджалі сэрцу чалавека сузіраць сапраўднага Бога». Служэнне ўсім гэтым «бажкам» кс. Раман Суша назваў прычынай, якая стварае ў чалавеку знешнюю матывацыю, калі ён робіць штосьці толькі таму, што яго «бажкі» гэтага патрабуць. «Часта гэтыя няправільныя вобразы Бога мы хаваем за рознымі законамі і правіламі, — сказаў святар. — Вельмі важна ўбачыць, ці правільнае ўспрыманне Бога ў тваім сэрцы, бо калі чалавек усведамляе, што Бог ёсць Любоў, ён супакойваецца і проста жыве, робячы тое, да чаго пакліканы». Каб разбурыць сэрца з каменю, трэба, «каб пасыпаліся камні: рэлігійныя (фанатызм), інтэлектуальныя, эмацыянальныя, сацыяльныя, маральныя». Святар назваў гэты час, калі усе камяні ў жыцці падаюць, пустыняй і часам, за які мы павінны змяніцца. Рэкалекцыяніст падкрэсліў, што, каб змяніць скамянелае сэрца, патрэбна аднаўленне розуму. «Аднаўленне розуму магчымае толькі праз перамяненне мыслення. Для гэтага патрэбна пазнаць сваю праблему, прыняць самога сябе — прабачыць сабе, бліжнім, бацькам — быць сабой, ахвяраваць самога сябе, знайсці сваё пакліканне і служыць», — заключыў кс. Раман Суша. Марына Валасар
|
Фотарэпартаж |