Мастак з Італіі піша новую фрэску ў гомельскім касцёле |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
20.02.2015 11:06 |
Фрэску стварылі амаль за два дні. Карціна распавядае пра Апошні суд і нагадвае, што пасля часу Божай міласэрнасці прыйдзе час Апакаліпсісу. У Гомель зноў прыбыў вядомы італьянскі мастак Фабіа Нанэс. У 2012 годзе ён распісаў алтарны абраз у гомельскім касцёле Нараджэння Божай Маці, а зараз піша ў касцёле новую фрэску на тэму Апошняга суду. Пра гэта паведамляе партал гомельскай каталіцкай парафіі. Мастак завітаў разам з сынам у Гомель у Папяльцовую сераду, і адразу пасля Імшы яны прыступілі да працы. Усяго за два дні італьянцы распісалі ўсю сцяну. Новая карціна таксама выканана ва ўсходняй, візантыйскай традыцыі, і па стылі дапаўняе алтарны абраз. — Карціна распавядае пра Апошні суд і нагадвае, што ёсць час Божай міласэрнасці, у якім зараз знаходзімся, але прыйдзе таксама і час Апошняга суду, пра які кажа Апакаліпсіс. Сюжэт карціны гаворыць, што наша жыццёвая дарога ляжыць праз справы міласэрнасці, — тлумачыць пробашч парафіі кс. Славамір Ласкоўскі. — Таксама фрэска нагадвае, што Бог дае нам права выбару: або жыццё, або смерць, а выбар за кожным з нас. Выява Хрыста на фрэсцы сведчыць пра тое, што без Яго ўвайсці ў Валадарства Нябеснае немагчыма. Фабіа Нанэс і яго сын працуюць пад класічную музыку. Працы па напісанні фрэскі амаль скончаны. (JLS) |