20 лютага ў гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый адкрылася выстава «Пераплётных спраў майстры. Мастацтва ўпрыгожвання кнігі». Невялікая экспазіцыя ўяўляе сабой рукапісныя і старадрукаваныя кнігі XVI - пачатку ХХ стагоддзяў у вокладках, упрыгожаных чаканкай, ліццём, эмалямі, пацеркавым шыццём.
Галоўны захавальнік музея Святлана Лявонцьева, якая адкрыла выставу, адзначыла:
- Як да вопраткі, здольнай не толькі ўпрыгожыць, але і абараніць кнігу, ставіліся да вокладкі ў стараверскім народным асяроддзі. Традыцыйная «адзежа» рукапісных і старадрукаваных кніг - гэта дубовыя дошкі, абцягнутыя скурай з арнаментальным цісненнем, і зашпількі. Багатымі і выдатнымі ўборамі адрозніваліся Евангеллі і Апосталы, якія ўдзельнічалі ў рытуале літургічных службаў. Евангелле апраналі ў аксаміт, парчу, упрыгожвалі камянямі, жэмчугам, каштоўнымі металамі. Знешняя прыгажосць была заклікана прыцягнуць увагу да тэкстаў кніг. 
На жаль, багатае ўбранне Евангелля не захавалася - пасля рэвалюцыі ўсе каштоўнасці канфіскавалі ўлады бальшавікоў, таму да сучаснікаў дайшлі простыя «адзежы».
Сярод выстаўленых кніг - рукапіснае Евангелле 1-й чвэрці XVI стагоддзя, а таксама Евангелле беларускага друкара Пятра Мсціслаўца, выпушчанае ў Вільні ў 1575 годзе. Яшчэ адзін рарытэт - «Апостал» 1635 года, «апрануты» ў зялёны аксаміт з пацеркавай вышыўкай.
Паводле гомельскага каталіцкага сайта (AG) Фота гомельскага каталіцкага сайта
|