«Адарацыя — гэта малітва перад Богам»: у пінскай семінарыі прайшлі велікапосныя рэкалекцыі |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
23.02.2015 16:26 |
З 19 па 21 лютага ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску адбываліся велікапосныя рэкалекцыі. Трохдзённыя разважанні для семінарыстаў праводзіў кс. Дзмітрый Пухальскі. Распачаліся рэкалекцыі ў чацвер адразу пасля Папяльцовай серады. На працягу трох дзён семінарысты ў маўчанні і малітве рыхтаваліся да плённага перажывання гэтага часу, які ксёндз Дзмітрый Пухальскі акрэсліў як «час, каб наладзіць адносіны з Богам». Рэкалекцыі складаліся з духоўных канферэнцый, навукі падчас святой Імшы і супольных малітваў, а заканчваліся адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. «Адарацыя — гэта малітва перад Богам. Назву гэту можна перакласці як “уздыманне”, бо Пан у такой малітве падымае чалавека з яго грахоў і слабасцяў, умацоўвае яго», — адзначыў рэкалекцыяніст.
Усе канферэнцыі грунтаваліся на тэкстах Святога Пісання, а асноўнай тэмай рэкалекцый стала малітва, бо «гэта сустрэча чалавека з Богам», аснова жыцця хрысціяніна, а асаблівым чынам святара, семінарыста. Ксёндз Дзмітрый Пухальскі звярнуў увагу ўдзельнікаў на практычныя аспекты святарскага жыцця, да якога рыхтуюцца юнакі ў семінарыі — давер Богу, час на малітву, пакору перад Богам, служэнне… Пры гэтым рэкалекцыніст прыводзіў шматлікія прыклады са свайго святарскага досведу. Час рэкалекцый мінуў вельмі хутка і далёка не пра ўсё было сказана, але, як і заўжды, колькасць сказанага не галоўнае. Галоўнае якасць. А тыя словы, што былі пачутыя ў гэтыя дні ў семінарыі, можна смела назваць якаснымі, якія ўмацоўваюць і кіруюць на шлях хрысціянскага ўдасканалення. Гэты час стаў плённай і добрай нагодай для падрыхтоўкі перажывання Вялікага посту, часу смутку і пакуты, за якім ззяе святло ўваскрасення. Андрэй Багдановіч, фота Андрэя Бурака |