23 лютага біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў вязняў у выпраўленчай калоніі №5 у Івацэвічах. Іерарх цэлебраваў для іх святую Імшу.
У гаміліі пінскі ардынарый звярнуў увагу на тое, што Божае слова на гэты дзень падае наказы, якія Бог праз Майсея скіраваў габрэям. «Калі ўважліва прыслухаемся да гэтых наказаў, то адчуваем клопат Бога аб тым, каб чалавек — Божае стварэнне — годна жыў і з павагай адносіўся да іншых», — заўважыў іерарх. Разам з тым, дадаў біскуп, у жыцці «ўсё не так проста, а запаветы Бога чалавек неаднойчы абыходзіць», прычына чаго — першародны грэх.
Біскуп нагадаў, што перыяд Вялікага посту — «час ласкі і асаблівай барацьбы з кепскімі схільнасцямі». «Такія спакусы мы будзем мець да канца жыцця, — сказаў іерарх. — Нават Езус на пачатку публічнай дзейнасці быў падвергнуты спакусам д’ябла». Пінскі ардынарый звярнуў увагу, што рашуча ўстаць на шлях Езуса, які вядзе да жыцця, — заклік першай нядзелі Вялікага посту, як адзначыў Папа Францішак 22 лютага перад малітвай «Анёл Панскі».
«Увойдзем у (велікапосную) пустыню без страху, бо мы не адны: з намі Езус, Айцец і Святы Дух. Больш за тое, як і ў выпадку Езуса, менавіта Святы Дух вядзе нас па велікапосным шляху – той самы Дух, які сышоў на Езуса і які быў нам падараваны падчас хросту. Вялікі пост, такім чынам, — гэта спрыяльны час, які павінен весці нас да ўсё большага разумення таго, наколькі Святы Дух, атрыманы ў хросце, дзейнічае і можа дзейнічаць у нас. Напрыканцы велікапоснага шляху, у Пасхальную вігілію, мы зможам з большай свядомасцю абнавіць запавет, заключаны падчас хросту, і абавязкі, якія ён прадугледжвае», — нагадаў біскуп Антоні Дзям’янка словы Папы Францішка.
Іерарх заклікаў вязняў, услухоўваючыся ў словы Святога Айца, імкнуцца «добра перажыць гэты час». «Ужо цяпер, на пачатку, зробім адпаведную пастанову, каб не паддавацца ўплыву і спакусам злога духа, а ўпэўненым крокам ісці за Богам», — сказаў біскуп.
«Падчас Вялікага посту Пан Бог дае нам новы шанс аднавіць свае адносіны з Ім. Выкарыстаем гэты дар належным чынам, каб праз пабожны ўдзел у набажэнствах, разважаючы над Крыжовым шляхам Хрыста, здзяйсняючы добрыя ўчынкі, мы змаглі адкрыцца на Божую ласку, перамяніць нашыя сэрцы і стаць сапраўднымі дзецьмі любячага нас Нябеснага Айца», — заахвоціў пінскі ардынарый удзельнікаў Імшы. (AG)
|