Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва ўрачыстасць св. Юзафа адбылося ўдзяленне паслугаў лектарату і акалітату навучэнцам семінарыі ў Пінску
Беларусь - Пінская дыяцэзія
20.03.2015 12:12

19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, адбылося ўдзяленне паслугаў лектарату і акалітату навучэнцам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Акаліты ўстанаўліваюцца, каб прыслугоўваць пры алтары і дапамагаць святару і дыякану, асабліва ў паслузе Эўхарыстыі, а лектары атрымліваюць асаблівае права нясення паслугі Божага Слова. Урачыстасць св. Юзафа была абрана для гэтай падзеі невыпадкова: святы Юзаф – Апякун Святой Сям’і, і менавіта ён апекаваўся Езусам у маленстве і маладосці, таму для новапрызначаных лектараў і акалітаў ягоная пастава павінна стаць прыкладам, а сам святы – апекуном і настаўнікам.

Прыняцце гэтых паслугаў – важны крок і вялікі давер, які Касцёл аказвае тым, хто рыхтуецца да святарства. Таму гэтай падзеі папярэднічаў дзень духоўных разважанняў, які семінарысты правялі ў поўным маўчанні і індывідуальнай малітве. На працягу цэлага дня быў выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт і можна было ў кожны момант прыйсці ў капліцу для адарацыі Пана ў эўхарыстычнай постаці. Гэта стала асаблівага роду падрыхтоўкай да прыняцця адказных функцый.

У гэтым годе лектарат прынялі пяць алюмнаў трэцяга курсу, а акалітат – два алюмна з чацвёртага курсу. Урачыстую святую Імшу з удзяленнем паслугаў узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Іерарх падкрэсліў важнасць гэтых “ступеняў” у семінарыйнай фармацыі, заахвоціў да годнага і адказнага выканання прынятых функцый і абавязкаў. Як заўважыў біскуп у гаміліі, для таго, каб несці Божае Слова людзям, трэба найперш самому яго мець: “Цяжка ўявіць, каб чалавек абвяшчаў Божае Слова, а сам Ім не жыў!” Паслуга ж акаліта, па словах пінскага ардынарыя, тым большая, таму што яна дазваляе дакрануцца да найвялікшай таямніцы Цела і Крыві Пана.



 

Напрыканцы Эўхарыстыі прадстаўнікі ад новапрызначаных лектараў і акалітаў падзякавалі біскупу за супольную малітву і ўдзяленне паслугаў, а адміністрацыі семінарыі – за давер, які праявіўся ў допуску кандыдатаў да прыняцця гэтых адказаных функцый.

Андрэй Багдановіч


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.