Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка: “У новых мікрараёнах гарадоў Пінскай дыяцэзіі патрэбна будаваць новыя святыні”
Беларусь - Пінская дыяцэзія
28.03.2015 16:21

Агульнаеўрапейскія тэндэнцыі ўнутранай міграцыі насельніцтва актуальныя і ў Беларусі: жыхары вёсак усё часцей пераязджаюць у гарады; гэта стала новым выклікам і для Касцёла. Аб патрэбах дыяцэзіі ў новых святынях распавёў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

“Мы жывём у тыя часы, калі існуе вельмі моцная міграцыя з вёсак у гарады, і не толькі раённыя, але найбольш у буйныя. У Пінскай дыяцэзіі вельмі імкліва развіваюцца такія гарады, як Брэст, Гомель, Мазыр, Пінск, Баранавічы, Светлагорск, Кобрын. Вясковыя парафіі паволі колькасна змяншаюцца. Маладыя людзі, а таксама вернікі сярэдняга ўзросту перабіраюцца жыць у новыя мікрараёны вялікіх гарадоў. І прысутнасць католікаў у гэтых мікрараёнах, як і прадстаўнікоў іншых канфесій, павінна быць. Пераязджаюць сем’і, нараджаюцца дзеці, і ім таксама трэба забяспечыць духоўны падмурак. Таму лічу, што на сённяшні час у новых мікрараёнах толькі названых гарадоў трэба пабудаваць яшчэ мінімум 15 святыняў”, - адзначыў іерарх.

“Мы не хочам узводзіць вялікіх касцёлаў, напрыклад, як пінская катэдра; патрэбныя храмы меншых памераў. І бачым, што там, дзе ўжо пабудаваны такія касцёлы – напрыклад, у Брэсце касцёл святога Юзафа, у Баранавічах касцёл Маці Божай Фацімскай – яны адразу запаўняюцца вернікамі”, - дадаў біскуп.

Нядаўна біскуп Антоні Дзям’янка сустракаўся з мясцовымі ўладамі ў Гомелі па пытанні будаўніцтва касцёла. Ёсць надзея, што сустрэча зрушыць пытанні з мёртвай кропкі і зямля пад новую святыню будзе выдзелена ў хуткім часе.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.