Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Беларусі аднаўляюць самую доўгую пілігрымку
Беларусь - Пінская дыяцэзія
28.03.2015 16:34

Плануецца, што ў гэтым годзе пілігрымка Пінскай дыяцэзіі ў Будслаў стане нашмат даўжэйшай і пачнецца не з Баранавічаў, як звычайна, а з Брэста. Такім чынам, яе ўдзельнікі пераадолеюць больш за 500 кіламетраў і пройдуць найдаўжэйшым у Беларусі шляхам да Маці Божай Будслаўскай. Аднаўленне пілігрымкі стане асаблівым момантам у святкаванні 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

Як распавёў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, некалі пілігрымку з Брэста ўжо арганізоўвалі, але па шэрагу прычын яна не датрывала да сённяшніх часоў: адлегласць – больш за 500 кіламетраў, час – другая палова чэрвеня – вельмі каштоўны і дарагі для кожнага, акрамя таго, трэба мець запал і добрую кандыцыю, каб прайсці такую адлегласць. Бо пілігрымы, хаця і маюць падрыхтоўку і забеспячэнне, прабываюць у сапраўды спартанцкіх умовах. Але біскуп упэўнены, што арганізатар пілігрымкі – малады ксёндз Павел Рудзьман – чалавек ініцыятыўны, які не баіцца цяжкасцяў, працуе з моладдзю, любіць і разумее яе, здолее арганізаваць пілігрымку. А ў шлях адправіцца не толькі моладзь, але і людзі рознага ўзросту.

“У большай частцы пілігрымка будзе праходзіць па тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, якая ў гэтым годзе перажывае круглую дату – 90-годдзе з дня паўстання дыяцэзіі. І таму яна стане асаблівым знакам для многіх – і пілігрымаў, і тых, хто будзе з імі сустракацца, - распавёў біскуп. - Гэтая круглая дата дадзена нам, каб перажыць яе больш рупліва ў веры, каб больш задумацца пра нашу духоўную хрысціянскую спадчыну, узгадаць тых душпастыраў, якія ахвярна працавалі, памаліцца за іх, узгадаць іх прыклад, які яны давалі падчас розных неспрыяльных для Касцёла ўмоў”.

“Чалавек не жыве на адзінокім востраве, яго акружаюць людзі. І, можа, гэтая пілігрымка, высілак маладых людзей, будзе незвычайным знакам для тых, хто яшчэ не паставіў Бога, Хрыста на першае месца, для каго пакуль багацце, здароўе, кар’ера, іншыя каштоўнасці важнейшыя. І гэтая пілігрымка будзе знакам аднаўлення веры і яе дынамізму ў Пінскім Касцёле”, - адзначыў іерарх.

Усім пілігрымам не абвязкова трэба будзе ісці з Брэста: далучыцца можна будзе па дарозе ў Баранавічах, Івянцы, Ракаве, іншых мясцінах. Дарэчы, у мінулым годзе пілігрымка Пінскай дыяцэзіі “Баранавічы – Будслаў” стала самай шматлікай і складалася з больш чым 400 вернікаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.