29 сакавіка католікі святкуюць Пальмовую нядзелю. У гэты дзень у касцёлах праходзяць урачыстыя службы з асвячэннем галін, з якімі вернікі прыходзяць у святыні. У гомельскай парафіі ў Пальмовую нядзелю правялі Крыжовы шлях вакол касцёла з сапраўднымі пальмамі, знойдзенымі ў Беларусі.
Асвячоныя пальмы раздалі неакатэхуменам з першай суполкі, якія завяршылі свой этап абнаўлення хросту Reditio Simboli.
- Тое, што ідзем сёння з гэтымі галінкамі - гэта знак для іншых, што мы хрысціяне, а не магічная абарона ад праблем. Наадварот, гэта напамін таго, што мы з’яўляемся вучнямі Езуса Хрыста, таго, што мы кранутыя любоўю Бога і Яго міласэрнасцю і закліканы абвяшчаць Яго любоў іншым, - падкрэсліў пробашч парафіі кс. Славамір Ласкоўскі.
Святар адзначыў, што ў час працэсіі з пальмамі вернікі выказваюць радасць у адносінах да Езуса. “Пачынаем Вялікі тыдзень - мукі Пана нашага Езуса Хрыста. Гэтыя 40 дзён посту прыводзяць нас да сённяшняга дня, да таго, што з’яўляецца сэрцам Касцёла. Без Вялікадня няма жыцця, калі Езус не ўваскрос - марная наша вера”, - дадаў кс. Славамір Ласкоўскі.
“Езус заклікае не жыць у натоўпе, прыняць у сваё сэрца Збаўленне, навярнуцца, стаць на калені перад Богам: Пане, памілуй мяне, я зграшыў. Каб прыняць Камунію, якая з’яўляецца ежай для таго, каб быць умацаваным у веры. Мы не можам ісці ў Нябесны Ерузалем, жывучы ў натоўпе, робячы тое, што робіць натоўп, жадаючы ўсяго, акрамя Бога: жыць без праблем, без пакут, адпачываць, забаўляцца. А сёння Езус кажа: Я прыйшоў вырваць цябе з з натоўпу, з повязяў граху. Заклікаю рэальна адкрыць сваё жыццё, сваё сэрца для Хрыста, таму што Ён вельмі любіць кожнага з нас”, - сказаў пробашч парафіі.
Паводле katolik-gomel.by (AG) Фото katolik-gomel.by
|