Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Для жабракоў і бяздомных у Гомелі зладзілі велікодны абед
Беларусь - Пінская дыяцэзія
15.04.2015 16:14

14 красавіка ў гомельскім Доме міласэрнасці сёстры ордэну Місіянерак Любові (Маці Тэрэзы) зладзілі святочны велікодны абед для мясцовых жабракоў і бяздомных. Сёстры амаль штодня кормяць бедных, а вялікія святочныя абеды традыцыйна ладзяць на Каляды і Вялікдзень у той час, калі гэтыя святы адзначаюць праваслаўныя, якіх у Гомелі большасць.

На абедзе сабраліся больш за 80 чалавек, але некаторых п’яных сёстры не прапусцілі, праверыўшы іх на алкатэстэры - такое правіла ў Доме міласэрнасці. Дапамагалі сёстрам парафіяне касцёла, а веруючая моладзь падрыхтавала і паказала спектакль пра любоў і свабоду.

Перад абедам для жабракоў прачыталі Евангелле і праспявалі велікодную песню, а потым раздалі пачастункі: курыцу, салату, бульбу, садавіну, сок, салодкае і велікодныя яйкі.

Адзіныя ў Беларусі прадстаўнікі ордэну Маці Тэрэзы служаць у Гомелі. Сёстры з розных краін утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ужо больш за 20 год і займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Парафіяне касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

Паводле katolik-gomel.by

(AG)

 

 

Фота katolik-gomel.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.