Суботнік на старадаўніх гомельскіх могілках правялі юдэі і хрысціяне |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
18.04.2015 18:36 |
18 красавіка, калі ў Беларусі быў прызначаны Рэспубліканскі суботнік, у Гомелі прайшоў наступны этап добраўпарадкавання Прудкоўскіх могілак. Своеасаблівы міжканфесійны суботнік правялі Гомельская юдэйская рэлігійная супольнасць «Бэйт Яакаў», абласная габрэйская супольнасць «Ахдут», дзяржаўнае прадпрыемства «Гомельскі спецкамбінат» і хрысціянскія вернікі, у тым ліку скаўты гомельскай рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці.
Прадстаўнікі розных канфесій працавалі разам, каб аддаць даніну павагі продкам, паслужыць на карысць горада і зрабіць крок да адзінства.
Гэта была ўжо трэцяя і, як мяркуецца, заключная акцыя па добраўпарадкаванні старадаўніх могілак. Тут пахаваны як юдэі, так і хрысціяне, таксама на могілках размешчаны салдацкія магілы пад чырвонай зоркай. Дзясяткі помнікаў на могілках, дзе пахаванні вяліся ў 20-70 гадах мінулага стагоддзя, былі разбураны вандаламі і часам, могілкі былі практычна цалкам зарослымі, але пасля трохгадовай грамадскай акцыі іх здолелі прывесці ў парадак.
Паводле katolik-gomel.by (AG) Фота katolik-gomel.by
|