Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У рэчыцкай парафіі адкрылася «Школа веры»
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.04.2015 20:26

22 красавіка ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Рэчыцы (Пінская дыяцэзія) адкрылася «Школа веры» для моладзі і дарослых. У далейшым заняткі будуць праходзіць кожны панядзелак пасля святой Імшы ў 18.30. Весці «Школу веры» будуць пробашч парафіі кс. Аляксандр Драбышэўскі і катэхеты з гомельскай парафіі.

На сустрэчы запрашаюцца вернікі незалежна ад канфесіі і нават атэісты. Тут можна паглыбіць свае духоўныя пазнанні, знайсці адказы на пытанні аб веры і жыцці Касцёла. Таксама запрашаюцца тыя, хто хоча прыняць у каталіцкай парафіі сакрамэнты хросту і шлюбу, рыхтуецца ахрысціць дзіця або стаць хросным, а таксама тыя, хто жадае спавядацца і прымаць у Касцёле святую Камунію. «Школа веры» чакае і тых, хто не бачыць сэнсу жыцця, адзінокі або мае праблемы ў сям’і, шукае сваё пакліканне, сустрэчы з Богам.

Дарэчы, касцёл у Рэчыцы з’яўляецца помнікам архітэктуры, ён быў пабудаваны ў 1896-1903 гг. У 1932 г. храм быў зачынены і выкарыстоўваўся як склад, музей, піўны бар. З верасня 1999 года, пасля доўгай барацьбы за вяртанне святыні, касцёл зноў належыць супольнасці. Калі яшчэ ў храме быў піўбар, вернікі збіраліся там і маліліся, нягледзячы на гучную музыку і абразы наведвальнікаў бара. Каб прагнаць католікаў з храма, выклікалі міліцыю, якая пры гэтым выкарыстоўвала слёзатачывы газ.

Паводле katolik-gomel.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.